Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Проза » Проза » Чужанiца (на белорусском языке) - Альбер Камю

Чужанiца (на белорусском языке) - Альбер Камю

20.03.2024 - 06:00 0 0
0
Чужанiца (на белорусском языке) - Альбер Камю
Описание Чужанiца (на белорусском языке) - Альбер Камю
Читать онлайн Чужанiца (на белорусском языке) - Альбер Камю

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 19
Перейти на страницу:

Камю Альбер

Чужанiца (на белорусском языке)

Альбэр Камю

Чужанiца

Пераклаў Змiцер Колас

Частка першая

I

Сёння памерла мама. Цi, можа, учора, не ведаю. Я атрымаў тэлеграму з прытулку: "Сканала мацi. Пахаванне заўтра. Шчыра спачуваем". Тут ладу не дойдзеш. Мабыць, i ўчора.

Прытулак для састарэлых - у Марэнга, за восемдзесят кiламетраў ад Алжыра. А другой гадзiне сяду ў аўтобус i надвячоркам буду там. Значыць, змагу пасядзець ля труны i заўтра ўвечары ўжо вярнуся. Папрасiў у патрона два днi. Вядома, ён не мог мне адмовiць, калi ўжо такая прычына. Але выгляд у яго быў незадаволены. Я нават сказаў: "Гэта ж не мая вiна". Ён прамаўчаў. I я падумаў, што не павiнен быў казаць яму гэтага. Урэшце, мне не было за што перапрошваць. Бадай, гэта ён павiнен быў мне паспачуваць. Але, вiдаць, ён зробiць гэта паслязаўтра, калi ўбачыць мяне ў жалобе. А цяпер яшчэ мама нiбы i не памерла. Вось пасля пахавання - тады ўжо справа будзе ясная, i ўсё пойдзе так, як яно прынята афiцыйна.

А другой гадзiне сеў у аўтобус. Спёка была страшэнная. А паеў, як звычайна, у шынку ў Селеста. Яны там усе мяне шкадавалi, i Селест сказаў: "Мацi ва ўсiх адна". Калi я сабраўся iсцi, усе правялi мяне да дзвярэй. У галаве была нейкая затлума - яшчэ ж трэба было забегчы да Эмануэля пазычыць чорны гальштук i жалобную павязку на руку. У яго некалькi месяцаў назад памёр дзядзька.

Каб не спазнiцца на аўтобус, увесь час бег. I, напэўна, ад гэтага спеху i беганiны, ды пасля яшчэ - ад трасення па калдобiнах ды агiднага паху бензiну мяне размарыла, i амаль усю дарогу я праспаў. А калi прачнуўся, аказалася, што мая галава ляжыць на плячы ў нейкага вайскоўца. Той усмiхнуўся i спытаў, цi здалёк я еду. Я адказаў: "Ну", - каб болей не размаўляць.

Прытулак быў за два кiламетры ад вёскi. Я пайшоў туды пешкi. Мне хацелася адразу пабачыць маму. Але брамнiк сказаў, што спачатку трэба сустрэцца з дырэктарам. Той быў заняты, давялося трошкi пачакаць. Брамнiк увесь час нешта балбатаў, але нарэшце з'явiўся дырэктар i запрасiў мяне ў кабiнет. Гэта быў маленькi стары, са стужкай Ганаровага Легiёна ў пятлiцы. Ён зiрнуў на мяне светлымi вачыма. Потым пацiснуў руку i так доўга яе трымаў, што я ўжо не ведаў, як яе вызвалiць. Ён зiрнуў у нейкiя свае паперы i сказаў: "Панi Мёрсо прыйшла да нас тры гады таму. Вы былi яе адзiная падтрымка". Мне здалося, што ён мяне за штось папракае, i я пачаў быў тлумачыць. Але ён мяне спынiў: "Вам няма чаго апраўдвацца, мiлае дзiця. Я прачытаў дасье вашай мацi. Вы не маглi ўтрымлiваць яе. Ёй быў патрэбны догляд. А заробак у вас сцiплы. Урэшце, у нас яна была шчаслiвейшая". Я сказаў: "Праўда, пане дырэктару". Ён дадаў: "Ведаеце, у яе тут былi сябры, яе веку. I ў iх былi агульныя iнтарэсы, якiя ядналi iх з мiнулым. Вы малады, з вамi яна, мусiць, сумавала".

Ён меў рацыю. Калi мама была дома, яна ўвесь час маўчала i адно сачыла за мной вачыма. А калi апынулася ў прытулку, першыя днi часта плакала. Проста ў яе не было звычкi. Праз некалькi месяцаў яна б заплакала, каб яе з прытулку забралi. I зноў жа ад звычкi. Можа, якраз таму ўвесь апошнi год я туды амаль i не ездзiў. Дый гэта пазбаўляла б мяне нядзелi - я ўжо не кажу пра пакуты з паездкай на аўтобусе: спачатку купi бiлеты, а пасля трасiся дзве гадзiны.

Дырэктар нешта яшчэ гаварыў. Але я ўжо яго амаль не слухаў. Нарэшце ён сказаў: "Я думаю, вы хочаце ўбачыць мацi". Я моўчкi ўстаў, i ён прайшоў наперад да дзвярэй. На лесвiцы ён пачаў тлумачыць: "Мы перанеслi яе ў нашу маленькую трупярню. Каб не траўмаваць iншых. Кожны раз, як у прытулку нехта памiрае, усе астатнiя пачынаюць нервавацца, i потым два-тры днi iх не супакоiш. Нам гэта ўскладняе працу". Мы прайшлi праз двор, там было шмат старых, якiя гаманiлi, разбiўшыся на гурткi. Калi мы праходзiлi побач, гамонка зацiхала. А потым, у нас за спiнай, узнiкала зноў. Было падобна да прыглушанага сакатання чародкi папугайчыкаў. Каля дзвярэй невялiкага будынка дырэктар развiтаўся: "Пакiдаю вас аднаго, пане Мёрсо. Калi я вам спатрэблюся, я ў сябе ў кабiнеце. Ну а ўвогуле, пахаванне заўтра а дзесятай гадзiне ранiцы. Мы падумалi, што такiм чынам у вас будзе досыць часу пасядзець каля нябожчыцы. I апошняе: ваша мацi, здаецца, часта казала сваiм прыяцелям па прытулку, што хоча быць пахаванай згодна з рэлiгiйным абрадам. Я ўжо загадаў зрабiць усё, што трэба. Але лiчу сваiм абавязкам вам пра гэта паведамiць". Я падзякаваў. Праўда, мама, хоць i не была бязбожнiца, пры жыццi нiколi не думала пра рэлiгiю.

Я ўвайшоў. Пакой быў вельмi светлы, пабелены глiнкай, з зашклёнаю столлю. З мэблi стаялi адно некалькi крэслаў i козлы. Пасярод пакоя, на козлах, труна з насунутым векам. На фоне цёмных, фарбаваных пад арэх дошак адразу кiдалiся ў вочы блiскучыя, ледзь прыкручаныя шрубы. Каля труны сядзела арабка ў белым халаце i ў яркай хустцы.

Тут у мяне за спiнай узнiк брамнiк. Ён, вiдаць, бег, бо вельмi задыхаўся. Крыху заiкаючыся, ён сказаў:

- Мы накрылi, але я зараз здыму века, каб вы маглi на яе паглядзець.

Ён падышоў да труны, але я спынiў яго. Ён запытаўся:

- Вы не хочаце?

Я адказаў:

- Не.

Ён апусцiў рукi, i мне зрабiлася няёмка, бо я адчуў, што адмаўляцца было не трэба. Ён уважлiва паглядзеў на мяне i спытаў:

- Чаму? - Але ў пытаннi не было нiякага папроку, быццам ён проста хацеў даведацца.

Я адказаў:

- Не ведаю.

Тады ён пакруцiў свой сiвы вус i прамовiў, не гледзячы на мяне:

- Разумею.

У яго былi прыгожыя блакiтныя вочы i крыху пачырванелы твар. Ён падсунуў мне крэсла i сам сеў трошкi ззаду. Арабка ўстала i пайшла да дзвярэй. Тады брамнiк сказаў:

- Гэта ў яе ад шанкеру.

Я адразу не зразумеў, але, зiрнуўшы на сядзелку, убачыў, што пад вачыма ў яе павязка. Там, дзе павiнен быць нос, бiнт ляжаў гладка. Замест твару была вiдаць адно белая марля.

Калi яна выйшла, брамнiк сказаў:

- Я зараз пакiну вас аднаго.

Не ведаю, якi я там зрабiў рух, але брамнiк застаўся стаяць у мяне за спiнай. Тое, што ён стаяў ззаду, мяне неяк бянтэжыла. Пакой быў залiты яркiм надвячэрнiм святлом. Тыцкаючыся ў шыбу, гулi два чмялi. I я адчуў, што мяне пачынае хiлiць на сон. Не азiраючыся на брамнiка, я запытаўся:

- Вы тут даўно?

Ён адказаў адразу:

- Пяць год, - нiбы ўвесь час чакаў гэтага пытання.

I потым загаманiў. Каб яму нехта раней сказаў, што ён скончыць брамнiкам у прытулку ў нейкiм Марэнга, ён бы вельмi здзiвiўся. Цяпер яму шэсцьдзесят чатыры, сам ён з Парыжа. Тут я яго перапынiў:

- Дык вы не тутэйшы?

Але потым я прыгадаў, што перад тым, як правесцi мяне да дырэктара, ён гутарыў са мной пра маму. Ён сказаў, што яе трэба хутчэй пахаваць, бо на раўнiне цяпер вялiкая спёка, асаблiва ў гэтых краях. Тады ён i паведамiў, што раней жыў у Парыжы i ўсё нiяк не можа забыцца пра гэта. У Парыжы каля нябожчыка можна пабыць i тры, а то часам i чатыры днi. А тут - дзе там, няма калi! Яшчэ як след не ўразумееш, што здарылася, а ўжо - вунь, трэба бегчы за катафалкам.

Яго жонка сказала яму тады:

- Ды сцiхнi ты! Што ты такое гаворыш пану!

Стары пачырванеў i папрасiў прабачэння. Але я ўмяшаўся:

- Ды не, не, што вы.

Я падумаў, што ўсё тое, што ён кажа, - праўда, i мне гэта здалося цiкавым.

У трупярнi ён расказаў, што быў прыняты ў прытулак як чалавек бедны. Але адчуваючы сябе яшчэ здольным працаваць, папрасiўся ў брамнiкi. Я зазначыў, што ён, значыць, такi самы жыхар у гэтым прытулку, як i ўсе. Але ён запярэчыў зусiм не. I мяне ўразiў той тон, якiм ён гаварыў: "яны", "гэтыя" цi, радзей, "старыя", хоць многiя, пра каго ён казаў, былi не старэйшыя за яго. Але, вядома, ён i яны - не адно i тое ж. Ён жа брамнiк i, у пэўнай ступенi, мае над iмi ўладу.

У гэтую хвiлiну вярнулася сядзелка. Неяк адразу звечарэла. Над шкляным дахам хутка згусцiлася цемра. Брамнiк павярнуў выключальнiк, i мяне асляпiла нечаканая хваля святла. Брамнiк запрасiў мяне схадзiць у сталоўку паабедаць. Але есцi мне не хацелася. Тады ён прапанаваў прынесцi шклянку кавы з малаком. Я згадзiўся, бо каву з малаком вельмi люблю, i неўзабаве ён вярнуўся з падносам. Я пачаў пiць. I тады ў мяне ўзнiкла жаданне запалiць. Але я спачатку вагаўся, бо не ведаў, цi можна мне палiць каля мамы. Я падумаў i вырашыў, што гэта не мае нiякага значэння. Я пачаставаў цыгарэтай брамнiка, i мы з iм запалiлi.

Праз нейкi час ён сказаў:

- Ведаеце, сябры вашай мацi зараз таксама прыйдуць пасядзець каля яе. Так прынята. Дык я схаджу па крэслы i прынясу чорнай кавы.

Я запытаўся, цi можна пагасiць адну якуюсь лямпу. Мяне стамляла яркае святло, якое адбiвалася ад беленых сцен. Але ён сказаў, што гэта немагчыма. Так зроблена праводка: можна ўключыць цi ўсе адразу, цi наогул нiводнай. Ён выйшаў, потым вярнуўся i пачаў расстаўляць крэслы. На адным ён згрувасцiў стос шклянак i кавярнiк. Потым сеў насупраць мяне, па той бок мамы. Сядзелка таксама тулiлася на крэсле ў дальнiм куце, павярнуўшыся да мяне спiнай. Мне было не вiдаць, што яна там робiць. Але па тым, як варушылiся яе рукi, можна было здагадацца, што яна вяжа. Было цёпла, кава сагрэла мяне. Праз адчыненыя дзверы лiўся водар летняй ночы i кветак. Я, напэўна, трошкi задрамаў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 19
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Чужанiца (на белорусском языке) - Альбер Камю.
Комментарии