Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - Астрид Линдгрен
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- I мы знойдзем яго, нават калi б нам выпала абшукаць кожны дом у Далiне Дзiкай Ружы, - дадаў Кадэр. - Тэнджыл чакае яго.
- Што ж, мне гэта зразумела, - азваўся Джосi. - Гэты Львiнае Сэрца больш небяспечны, чым хто iншы, гэта я вам кажу. Ён сапраўдны леў.
Я быў вельмi горды, што Джанатана назвалi сапраўдным iльвом, i я адчуў вялiкую палёгку, даведаўшыся, што ён жывы. Але мяне душыў гнеў, калi я думаў аб тым, што зрабiў Джосi. Ён здрадзiў Джанатану. Толькi Джосi мог даведацца пра тайную паездку Джанатана ў Далiну Дзiкай Ружы i паслаць паведамленне Тэнджылу. Гэта была iменна яго вiна, што сотня чалавек днём i ноччу высочвае майго брата i, калi знойдзе, аддасць яго ў рукi Тэнджыла.
Але пакуль Джанатан жывы. Уявiце сабе, ён жывы! Ён на волi, але чамусьцi мне саснiлася, што брат клiча мяне на дапамогу. Так, я ляжаў i думаў, спадзеючыся даведацца, што адбылося на самай справе.
Хаця я ўжо даведаўся пра вельмi многае, падслухоўваючы Джосi.
- А што датычыць Губерта, то ён проста зайздросцiць Сафii, што мы выбралi яе галоўнай у нашай Вiшнёвай Далiне, - сказаў Джосi. - А Губерту здаецца, што ён лепшы за ўсiх.
Ага, вось у чым справа. Я прыгадаў, якi злы быў Губерт, калi кiнуў: "Ну што асаблiвага ў гэтай Сафii". Значыць, ён проста зайздросцiў ёй i нiчога iншага тут не было. Можна каму-небудзь зайздросцiць i заставацца прыстойным чалавекам. А я ўбiў сабе ў галаву з самага пачатку, што Губерт - здраднiк у Вiшнёвай Далiне. I ўсё, што ён рабiў i гаварыў, усё было дрэнна. Вось бачыце, як лёгка дрэнна думаць пра людзей. Бедны Губерт, ён апякаў мяне, выратаваў мне жыццё, даў мне вяндлiны, а ва ўдзячнасць я толькi крыкнуў яму: "Не забiвай мяне!" Не дзiўна, што ён раззлаваўся. "Даруй мне, Губерт, - падумаў я, даруй!.." Абавязкова я скажу гэта яму сам, калi сустрэну зноў.
Джосi адчуваў сябе ўжо больш упэўнена, i было бачна, што яму падабаецца сядзець тут, але, вiдаць, кляймо Катлы зрэдку давала аб сабе знаць, бо ён пацiху стагнаў, i кожны раз Кадэр гаварыў:
- Так табе i трэба.
Мне хацелася зiрнуць, як выглядае гэтае кляймо. Мусiць, вiдовiшча мала прыемнае, таму добра, што я яго i не бачыў.
А Джосi ўсё хвалiўся i хвалiўся тым, што ён ужо зрабiў, i тым, што збiраўся зрабiць. Потым кажа:
- У Львiнага Сэрца ёсць маленькi брат, якога ён любiць больш за ўсiх на свеце.
Я ажно застагнаў, так хацелася ўбачыць Джанатана.
- Мы маглi б выкарыстоўваць гэтага маленькага чарцяку як прынаду, каб злавiць на кручок Сафiю, - сказаў Джосi.
- Ты, ёлупень, чаму не гаварыў нам пра гэта раней? - папракнуў Кадэр. Вядома, можна было б выкарыстаць брата, каб выманiць Львiнае Сэрца з яго сховiшча. Бо дзе б ён нi хаваўся, ён абавязкова б даведаўся, што мы схапiлi яго брата.
- Гэта прымусiць яго з'явiцца, - сказаў Ведэр. - Маўляў, вызвалiце майго брата i забярыце мяне замест яго. Ён будзе вымушаны сказаць iменна так, калi ён сапраўды непакоiцца пра свайго брата i хоча абаранiць яго.
Мне стала так страшна, што я нават не мог больш плакаць. Джосi надзьмуўся i пачаў хвалiцца далей:
- Усё гэта я ўладкую, як толькi вярнуся дадому, я сам магу заманiць маленькага Карла Львiнае Сэрца ў пастку. Гэта будзе не вельмi цяжка. Я змагу гэта зрабiць з дапамогай некалькiх пiрожных. А потым можна будзе i Сафiю заманiць, каб яна ратавала яго.
- А цi не здаецца табе, што Сафiя для цябе занадта разумная? - з'едлiва запытаў Кадэр. - Думаеш, так лёгка яе абмануць?
- Я ўпэўнены, - адказаў Джосi. - Яна нават не здагадаецца, хто гэта зрабiў. Яна давярае мне.
Ён быў так задаволены сабой, што ажно зарагатаў.
- I тады ў вас будуць абое - i яна, i малы Львiнае Сэрца. А што мне за гэта? Колькi коней дасць мне Тэнджыл, калi захопiць Вiшнёвую Далiну?
"А гэта мы яшчэ пабачым, - падумаў я. - Эх, Джосi, дык ты збiраешся дадому, каб заманiць Карла Львiнае Сэрца ў пастку? Ну, а калi яго ўжо няма ў Вiшнёвай Далiне, што ты тады будзеш рабiць?"
Пры ўсiм маiм жахлiвым становiшчы думка пра тое, як разгубiцца Джосi, калi высветлiць, што я знiк, падбадзёрыла мяне.
А Джосi ўсё распавядаў:
- Гэты малодшы Львiнае Сэрца - неблагi хлопчык, але якi ён леў? Гэта хутчэй напалоханае цяля. Яму больш падыходзiла б iмя Заечае Сэрца...
Я i сам ведаў, што не надта смелы i што наўрад цi можна па праву называць мяне Львiным Сэрцам, як Джанатана. Але ўсё-такi было вельмi прыкра чуць гэта ад Джосi. Мне стала сорамна, i я падумаў, што павiнен, абавязкова павiнен стаць больш смелым, але, вядома, не зараз, калi мне так страшна.
Нарэшце Джосi змоўк i ўжо не хвалiўся сваiмi здраднiцкiмi планамi.
- Я павiнен быць дома да ўсходу сонца, - сказаў ён, устаючы.
А салдаты працягвалi настройваць яго да самага апошняга моманту.
- Ты абавязкова павiнен штосьцi зрабiць з Сафiяй i з тым малым брацiкам, загадаў Ведэр.
- Разлiчвайце на мяне, - сказаў Джосi. - Але вы не павiнны рабiць хлопчыку нiякай шкоды, ён мне падабаецца.
"Ну, дзякуй i за гэта", - падумаў я.
- Ды i не забудзься пра пароль, калi табе давядзецца iсцi з якiмi-небудзь навiнамi ў Далiну Дзiкай Ружы, - папярэдзiў Кадэр. - Калi, вядома, хочаш, каб цябе пусцiлi жывым.
- "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю", - азваўся Джосi. - Не, што вы, я помню гэта днём i ноччу. А вось Тэнджыл - ён не забудзе пра сваё абяцанне мне?
Ён сабраўся ўжо ад'язджаць.
- Джосi - правадыр Вiшнёвай Далiны, - сказаў ён. - Тэнджыл абяцаў, што я буду iм, спадзяюся, ён не забудзе?
- Тэнджыл нiколi нiчога не забывае, - запэўнiў Кадэр.
I Джосi знiк гэтак жа непрыкметна, як i з'явiўся, а Ведэр i Кадэр доўга глядзелi яму ўслед.
- Яго таксама адправяць да Катлы, калi скончым з Вiшнёвай Далiнай, сказаў Ведэр.
Ён сказаў гэта так, як ведаў, што азначае трапiць ва ўладу Катлы. Сам я пра Катлу ведаў мала, больш здагадваўся, але ажно здрыгануўся i нават адчуў да Джосi жаль, хаця ён i аказаўся такой нiкчэмнасцю.
Агонь на вогнiшчы амаль патух, i я ў душы спадзяваўся, што Ведэр i Кадэр неўзабаве знiкнуць. Мне вельмi хацелася, каб яны знiклi. Я сядзеў, як мыш у мышалоўцы, i марыў выбрацца на свабоду, толькi б як-небудзь вывесцi коней з пячоры, перш чым гаспадары прыйдуць забiраць iх. I тады, думалася мне, Ведэр i Кадэр паехалi б, нават не ўяўляючы, як лёгка яны маглi схапiць малодшага брата Джанатана Львiнае Сэрца. Але раптам Кадэр кажа:
- Хадзем паспiм крыху ў пячоры.
"Ну вось, надыходзiць канец, - падумаў я. - I чаго там цягнуць, няхай забiраюць мяне, няхай усё гэта заканчваецца".
Ведэр запярэчыў:
- А чаго спаць? Хутка ўжо ранiца, i надакучылi мне гэтыя горы. Давай паедзем адразу назад, у Далiну Дзiкай Ружы.
Кадэр саступiў.
- Ну, як хочаш, - сказаў ён. - Выводзь коней.
Здараецца, у час самай вялiкай небяспекi чалавека выратоўвае выпадак. Я адкiнуўся на спiну i запоўз у самы цёмны куток пячоры, як гэта зрабiў бы якi-небудзь звярок. Увайшоў Ведэр, i ў наступны момант ён ужо быў у непрыгляднай цемры, таму я мог толькi чуць яго, але i гэта было вельмi непрыемна. Ён таксама не мог бачыць мяне, але, здавалася, мог чуць, як б'ецца маё сэрца. Яно гулка стукала, бо я ляжаў i чакаў, што будзе, калi Ведэр замест двух знойдзе трох коней.
Калi ўвайшоў Ведэр, конi слаба заржалi - усе трое, Ф'ялар таксама. Я пазнаў бы Ф'яларава ржанне сярод тысячы iншых. Але Ведэр, гэты дурань, не пачуў нiякай рознiцы, уявiце сабе, ён нават не заўважыў, што ў пячоры былi тры канi. Ён вывеў двух, якiя стаялi блiжэй да выхаду, сваiх уласных, i выйшаў следам за iмi.
Як толькi застаўся адзiн з Ф'яларам, я падскочыў да яго i пагладзiў па шыi. "Дарагi, мiлы Ф'ялар, маўчы", - малiў я, бо калi ён заржэ зараз, яны пачуюць i зразумеюць, што штосьцi тут не так. I Ф'ялар, ён быў такi разумны, зразумеў усё. Тыя два канi заржалi, быццам хацелi развiтацца з Ф'яларам. А Ф'ялар стаяў моўчкi i не адказваў.
Я цiкаваў, як Ведэр i Кадэр сядлалi коней, i цяжка апiсаць, якую палёгку я адчуваў пры гэтым. Нарэшце я буду вольны, вызвалюся з гэтай мышалоўкi.
Потым чую - Ведэр кажа:
- Я забыўся крэсiва.
Ён саскочыў з каня i пачаў шукаць вакол вогнiшча.
- Яго тут няма. Можа, згубiў у пячоры?
Вось мышалоўка зноў з грукатам зачынiлася, i на гэты раз я папаўся. Ведэр зайшоў у пячору шукаць праклятае крэсiва i адразу напароўся на Ф'ялара.
Я ведаю, што нельга хлусiць, але калi гаворка iдзе пра жыццё i смерць, то даводзiцца.
У яго былi дужыя i грубыя рукi, да гэтага нiхто не хапаў мяне з такой сiлай. Было вельмi балюча, i я быў злосны, нават больш злосны, чым напалоханы, што ўжо само па сабе даволi дзiўна. Магчыма, таму я пачаў хлусiць.
- Ну i як даўно ты сядзiш тут i падслухоўваеш? - крычаў Ведэр, выцягваючы мяне з пячоры.
- З вечара... Я не падслухоўваў, я спаў, - апраўдваўся я, мiргаючы вачыма, нiбы толькi што прачнуўся.
- Спаў? - з недаверам паглядзеў на мяне Ведэр. - Ты хочаш сказаць, што ты не чуў, як мы тут крычалi i спявалi ля вогнiшча? Не манi.
Ён лiчыў сябе вельмi хiтрым, яны ж не спявалi зусiм. Але я быў яшчэ хiтрэйшы.
- Ну, можа, чуў крыху, як вы спявалi, - заiкаючыся, манiў я.
Ведэр i Кадэр паглядзелi адзiн на аднаго, цяпер яны былi ўпэўнены, што я спаў i нiчога не чуў.
Але мне гэта не дапамагло.
- Хiба ты не ведаеш, што за падарожжа па гэтай сцежцы - пакаранне смерцю? - запытаўся Ведэр.