Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Вайна сусветаў (на белорусском языке) - Герберт Уэллс

Вайна сусветаў (на белорусском языке) - Герберт Уэллс

Читать онлайн Вайна сусветаў (на белорусском языке) - Герберт Уэллс

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 44
Перейти на страницу:

- Наўрад цi вы паможаце жонцы, калi зробiце яе ўдавой, - сказаў ён.

У рэшце рэшт я згадзiўся iсцi разам з iм, пад сховаю лесу, на поўнач да Стрыт-Кобхема. Адтуль я павiнен быў зрабiць вялiкi крук праз Эпсом, каб трапiць у Лезерхэд.

Я хацеў адправiцца цяпер жа, але мой спадарожнiк, салдат, быў вопытнейшы за мяне. Ён прымусiў мяне абшукаць увесь дом i знайсцi бiклагу, у якую налiў вiскi. Мы набiлi ўсе свае кiшэнi сухарамi i скрылямi мяса. Потым выйшлi з дому i пусцiлiся бягом унiз па размытай дарозе, па якой я iшоў мiнулай ноччу. Дамы здавалiся вымерлымi. На дарозе ляжалi побач тры апаленыя целы, пазбаўленыя жыцця цеплавым промнем. Дзе-нiдзе валялiся кiнутыя цi згубленыя рэчы: гадзiннiк, туфлi, сярэбраная лыжка i iншыя дробныя прадметы. На паваротцы да паштовай канторы ляжала на баку са зломаным колам распрэжаная цялежка, нагружаная скрынкамi i мэбляй. Незгараемая каса была, вiдаць, наспех адкрыта i кiнута сярод хламу.

Дамы ў гэтай частцы не вельмi пацярпелi, гарэла толькi вартоўня прытулка. Цеплавы прамень збрыў комiны i прайшоў далей. Акрамя нас, на Мэйбэры-Хiле не было нi душы. Большая частка жыхароў збегла, верагодна, у Стары Ўокiнг па той дарозе, па якой я ехаў у Лезерхэд, цi схавалася дзе-небудзь.

Мы спусцiлiся па дарозе ўнiз, прайшлi мiма мокрага чалавечага трупа ў чорным касцюме. Увайшлi ў лес ля падножжа гары i дабралiся да палатна чыгункi, нiкога не сустрэўшы. Лес па той бок чыгункi здаваўся скразным бураломам, большая частка дрэў была павалена i толькi дзе-нiдзе злавесна тырчалi абпаленыя ствалы з цёмна-бурай лiстотай.

На нашым баку агонь толькi абпалiў блiжэйшыя дрэвы, вялiкага апусташэння не было. У адным месцы лесарубы, вiдавочна, працавалi яшчэ ў суботу. Паваленыя свежапрыбраныя дрэвы ляжалi на просецы на кучы пiлавiння каля паравой лесапiльнi. Побач стаяла пустая хiбара. Было цiха; паветра здавалася нерухомым. Нават птушкi кудысьцi знiклi. Мы з артылерыстам перамаўлялiся шэптам i часта азiралiся па баках. Калi-нiкалi мы спынялiся i прыслухоўвалiся.

Неўзабаве мы падышлi да дарогi i пачулi стук капытоў: у бок Уокiнга ехалi тры кавалерысты. Мы гукнулi iх, яны спынiлiся, i мы паспяшылi да iх. Гэта былi лейтэнант i два радавыя 8-га гусарскага палка з нейкай прыладай накшталт тэадалiта; артылерыст растлумачыў мне, што гэта гелiёграф.

- Вы першыя, каго я сустрэў на гэтай дарозе за ўсю ранiцу, - сказаў лейтэнант. - Што тут творыцца?

У яго твары i голасе адчувалася рашучасць. Салдаты глядзелi на нас з цiкаўнасцю. Артылерыст спусцiўся з насыпу на дарогу i аддаў чэсць.

- Пушку нашу ўзарвалi мiнулай ноччу, сэр. Я схаваўся. Даганяю батарэю, сэр. Вы, напэўна, убачыце марсiянаў, калi праедзеце яшчэ з паўмiлi па гэтай дарозе.

- Якiя яны сабою, чорт бы iх пабраў? - спытаў лейтэнант.

- Гiганты ў бранi, сэр. Сто футаў вышынi. Тры нагi; цела накшталт алюмiнiевага, з вялiзнай галавою ў каўпаку, сэр.

- Расказвай! - усклiкнуў лейтэнант. - Што за лухту ты нясеш?

- Самi ўбачыце, сэр. У iх руках нейкая скрынка, сэр; з яе папыхвае агонь i забiвае на месцы.

- Накшталт пушкi?

- Не, сэр. - I артылерыст пачаў апiсваць дзеянне цеплавога промня. Лейтэнант перапынiў яго i павярнуўся да мяне. Я стаяў на насыпе каля дарогi.

- Вы таксама бачылi гэта? - спытаў ён.

- Чыстая праўда ўсё, - адказаў я.

- Ну, - сказаў лейтэнант, - я думаю, i мне не лiшне паглядзець на iх. Слухай, - звярнуўся ён да артылерыста, - нас адправiлi сюды, каб выселiць жыхароў з дамоў. Ты заявiся да брыгаднага генерала Марвiна i далажы яму ўсё, што ведаеш. Ён стаiць ва Ўэмбрыджы. Дарогу ведаеш?

- Я ведаю, - сказаў я.

Лейтэнант павярнуў каня.

- Вы кажаце, паўмiлi? - спытаў ён.

- Не болей, - адказаў я i паказаў на вершалiны дрэваў на поўдзень. Ён падзякаваў мне i паехаў. Больш мы яго не бачылi.

Пасля мы ўбачылi трох жанчын i дваiх дзяцей на дарозе каля рабочага домiка; яны загружалi ручную цялежку вандзэлкамi i хатнiм скарбам. Яны былi настолькi занятыя, што не сталi з намi гаварыць. Каля станцыi Байфлiт мы выйшлi з сасновага лесу. У промнях ранiшняга сонца мясцовасць здавалася мiрнай! Тут мы былi ўжо за межамi дзеяння цеплавога промня; калi б нi апусцелыя дамы, нi мiтусня i зборы жыхароў, нi салдаты на чыгуначным мосце, якiя глядзелi ўздоўж лiнii на Ўокiнг, дзень быў бы падобны на звычайную нядзелю.

Некалькi падводаў i фургонаў са скрыпам рухалася па дарозе на Адлстон. Праз вароты ў загарадзi мы ўбачылi на лузе шэсць пушак-дванаццацiфунтовак, якiя былi акуратна расстаўлены на роўнай адлегласцi адна ад адной i накiраваныя ў бок Уокiнга. Прыслуга стаяла побач у чаканнi, зарадныя скрынкi знаходзiлiся на патрэбнай адлегласцi. Салдаты стаялi быццам на аглядзе.

- Вось гэта здорава! - сказаў я. - Ва ўсякiм выпадку, яны дадуць добры залп.

Артылерыст нерашуча спынiўся каля варотаў.

- Я пайду далей, - сказаў ён.

За мостам, блiжэй да Ўэйбрыджа салдаты ў белых рабочых куртках насыпалi доўгi вал, за якiм тырчалi пушкi.

- Гэта ўсё роўна што лук i стрэлы супраць маланкi, - сказаў артылерыст. - Яны яшчэ не бачылi вогненнага промня.

Афiцэры, якiя не прымалi непасрэднага ўдзелу ў рабоце, глядзелi паверх дрэваў на паўднёвы захад; салдаты часта адрывалiся ад работы i таксама паглядалi ў той бок.

Байфлiт быў у разгубленасцi. Жыхары пакавалi пажыткi, а дваццаць гусараў прыспешвалi iх. Тры цi чатыры чорныя санiтарныя фургоны з крыжам на белым крузе i якiсьцi стары омнiбус выгружалiся на вулiцы сярод iншых павозак. Многiя жыхары апранулiся па-святочнаму. Салдаты даводзiлi iм пра небяспеку становiшча. Якiсьцi зморшчаны дзядок сярдзiта спрачаўся з капралам, патрабуючы, каб захапiлi яго вялiкую скрынку i дзесяткi два вазонаў з архiдэямi. Я спынiўся i тузануў дзядка за рукаво.

- Вы ведаеце, што там робiцца? - спытаў я, паказваючы на вершалiны сасновага лесу, за якiм былi марсiяне.

- Што? - павярнуўся ён. - Я кажу iм, што гэта нельга пакiдаць.

- Смерць! - крыкнуў я. - Смерць iдзе на нас! Смерць!

Не ведаю, цi зразумеў ён мяне, - я прыспешыў за артылерыстам. На рагу вулiцы я павярнуўся. Салдат адышоўся ад старога, а той усё яшчэ стаяў каля сваёй скрынкi i вазонаў з архiдэямi, разгублена гледзячы ў бок лесу.

Нiхто ва Ўэйбрыджы не мог сказаць нам, дзе размяшчаецца штаб. Такога беспарадку я нiколi не бачыў. Паўсюль павозкi, экiпажы ўсiх вiдаў i разнамасныя конi. Шаноўныя жыхары мястэчка, спартсмены ў касцюмах для гольфа i веславання, святочна апранутыя жанчыны - усе пакавалiся; звычайныя разявакi энергiчна памагалi, дзецi шумелi, задаволеныя такой незвычайнай нядзельнай забавай. Сярод усеагульнай мiтуснi мясцовы вядомы святар, не зважаючы нi на што, пад звон царкоўны служыў раннюю абедню.

Мы з артылерыстам прыселi на прыступцы калодзежа i збольшага падсiлкавалiся. Патрулi - ужо не гусары, а грэнадзёры ў белых мундзiрах папярэджвалi жыхароў i прапаноўвалi iм або адыходзiць, або хавацца ў падвалах, як толькi пачнецца стралянiна. Мiнаючы чыгуначны мост, мы ўбачылi вялiкi натоўп на станцыi i вакол яе; платформа кiшэла людзьмi i была завалена скрынкамi i вандзэлкамi. Звычайны расклад быў парушаны, верагодна, для таго, каб падвезцi войскi i зброю да Чэртсi; потым я чуў, што адбылася страшэнная даўка i бойка за месцы ў экстранных цягнiках, пушчаных у другой палове дня.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 44
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Вайна сусветаў (на белорусском языке) - Герберт Уэллс.
Комментарии