Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Проза » Русская классическая проза » Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Читать онлайн Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 39
Перейти на страницу:

- Чаго ты так разглядаеш мяне? Я табе падазроны якi цi што? Я цябе не баюся!

- А хiба я хачу, каб ты мяне баяўся? Каб ты, сынку, ведаў, што мяне за душу трымае...

- Ведаю! У цябе ўкралi маленства твае дачкi. А ў мяне ўкралi самога мяне. Так што iдзi сабе ў свой бок, а я ў свой.

Нявада пачырванеў i адвярнуўся. У наступны момант ён угнуў плечы i выйшаў на брукаваную дарогу з гэтага месца да Сумлiч. Iдучы ён гаварыў нешта сам з сабою. Праз чвэртку кiламетра ён азiрнуўся i ўбачыў таго хлопца: гнучыся паўз жыта, ён iшоў у глыб поля, дзе сiнявiлася далёкая iстужка лесу. Што ж да дзяўчыны, то Нявада бачыў, як яна запынiла на дарозе машыну i паехала ў сваю дарогу. Але ён не бачыў, як машына праз паўкiламетра стала i шафёр падлез пад яе i, лежачы на спiне, заваждаўся з рамонтам. Ужо i дзень схiлiўся к вечару, а машына не была гатова. Нарэшце шафёр сказаў, што далей язды не будзе i трэба чакаць выпадку, каб узяцца ў каго на буксiр. Дзяўчына пацiснула плячыма ад прыкрасцi i шпарка пайшла назад на скрыжаванне. Яна ўсё ўглядалася ў дарогу: iншае рады ёй не было, як спадзявацца на шчасце з новай машынай. Змяркалася, а яна, можа, i не адважылася б напроцi ночы iсцi адна да станцыi. Яна села пад вялiкiм дрэвам, прытулiлася да яго i не зводзiла вачэй з дарогi. Два разы яна выбягала на дарогу i паднiмала руку ўгару, але машыны прайшлi, i яна зноў апынулася на ранейшым месцы пад дрэвам. Бадай што ўжо зусiм змеркла. Дзяўчына пачала беспарадна кiдаць вачыма на дарогi i навокал сябе. У далечынi льга было заўважыць цёмныя абрысы мястэчка Сумлiчы. Дзяўчына ўжо была памкнулася iсцi туды, як раптам, непадалёку ад сябе, у гушчырнi таполевых зараснiкаў над ровам, выразна заўважыла чалавечую постаць. Нехта сядзеў i, як бы паўзучы, знiк у кустах. Ёй здалося, што яна нават пачула трэск сухога ламачча. Ветру ўжо не было i ўсталёўвалася цiшыня. Дзяўчына ўздрыганулася i рашуча пайшла на сумлiцкую дарогу. Адразу яна азiрнулася i ўбачыла, што ён стаiць пад кустамi.

- Хто там? - крыкнула дзяўчына, апанаваная страхам. Ён так шпарка сеў, што ёй здалося, быццам гэта ён упаў. Душа яе заныла ад жаху. Яна дала шпаркую хаду ў сумлiцкую дарогу, але ў гэты момант на шашы выплылi з-за далечынi фары, i машына шпарка пайшла сюды. Дзяўчына выбегла на шашу, каб падняць рукi. Ужо тут машына прыцiшыла хаду i ўз'ехала на Менскi кiрунак. Дзяўчына апусцiла рукi. На завароце машыны святло з фар асвяцiла зараснiк над ровам, i дзяўчына зноў убачыла i пазнала яго. Гэта быў той самы хлопец, якога ўдзень Нявада выпараў з рова. Цяпер ён кiдаў вачыма то на дзяўчыну, то ўслед машыне. Дзяўчына гэта выразна заўважыла i, не азiраючыся больш, а толькi прыслухоўваючыся, як мага шпарчэй пайшла на Сумлiчы. Ён жа пiльна сачыў за ёю, аж пакуль яе льга было заўважыць у вячорнай цеменi. Ён доўга прыглядаўся i прыслухоўваўся. Нiдзе нiкога i нiчога не заўважалася. Стаяла цiшыня. Ён пачаў асцярожна станавiцца на ногi. Бадай што бегам ён даскочыў да вялiкага дрэва i як бы ўлiп у яго. Зноў пiльныя абгледзiны ўсяго навокал i прыслухоўванне. Пасля ён узвёў вочы ў неба. У вышынi мiльгацелi дзе-нiдзе зоры. Зноў як бы ўзнiмаўся вецер i халадала. Яшчэ раз прыслухаўшыся, ён раптам перахрысцiўся па-каталiцку. Губы яго пачалi шаптаць: "Божа, няхай жа хутчэй прыйдзе да мяне мая тая будучыня, i няхай яна будзе такая, як думаю я. Каб хутчэй скончылася бадзянне маё i каб хутчэй на гэтай зямлi настаў канец таму, што на ёй цяпер ёсць. Няхай хутчэй прыйдзе час, i каб я адразу знайшоў сваю будучыню". Пасля гэтай складнай малiтвы, якая, вiдаць, гаварылася не ўпершыню, ён зноў прыглядаўся i прыслухоўваўся. Пасля сцiснуўся ў жмут i сеў пад кустамi драмаць. Пацiскаючыся з холаду, ён прахапiўся, калi ўжо свяцiла сонца. Яно яшчэ невысока стаяла над непаспелым жытам, i ён устрывожана пабраўся з-пад дрэваў у кусты над ровам.

Тым часам яго ўвагу ўзяла на сябе грузавая машына, што iмчалася па шашы з захаду на ўсход. Многа людзей сядзела ў ёй, найбольш жанчыны i дзецi, i сярод iх здалёк вiдна была сiвая барада старога чалавека. На самым скрыжаваннi машына крута спынiлася, i шафёр, узбуджаны i ўстрывожаны, выскачыў з кабiны. Жанчына ў машыне моцна заплакала: "Не трэба спыняцца, хутчэй далей, далей ехаць". Другая каля яе залямантавала: "А Божачка мой, а хлопчык жа мой маленькi, а нават i костачак тваiх я не пазбiрала... "

Усё гэта было вельмi падазрона i нязвыкла. На твары маладога чалавека напiсалася надзея i радасць чакання. Ён не вытрымаў i выйшаў на шашу. Шафёр адразу падскочыў да яго:

- Тут машына з дзецьмi не праязджала? Вы тут даўно?

- Я тут нядаўна, але машына праехала.

- Даўно?

- Кажу, што нядаўна. А што вы так устрывожылiся?

- Ён нiчога не ведае, шчаслiвы! - залямантавала ўсё тая ж жанчына.

- Няшчасце! Бяда! Вялiкае гора! Пагiбель! Час той страшны настаў! Немец напаў! Б'е з неба i з зямлi, палiць, губiць... А хлопчык мой маленькi!..

Яна закрыла твар рукамi i зарыдала дзiкiм лямантам.

- Дык адкуль вы едзеце? - з раптоўным вясёлым натхненнем сказаў малады чалавек да шафёра.

- З Берасця. Ледзьве вырвалiся. А машына з дзецьмi даўно?

- Нядаўна! - хлусiў малады чалавек i з радасцю ўбачыў, што шафёр ускочыў у сваю кабiну. Машына рванулася ў далейшую дарогу на ўсход, а ён, лёгкай хадой, з пячаццю шчасця на твары, угнуўся ў зямлю над стаптаным маладым дрэўцам, выцягнуў дрэўца i выграб на тым месцы з зямлi звязак нейкiх паперак. Дзве паперкi выцягнуў са звязку, а рэшту зноў загроб i пасадзiў наверх абы-як тое самае абязвечанае дрэўца. Дзве паперкi выпрастаў у пальцах, дастаў з кiшэнi восем цвiчкоў з вялiкiмi плешкамi, прыбiў дзве паперкi да дрэва, наабапал ствала, шпарка дайшоў да жыта, паляжаў у iм, бачыў адтуль i чуў, як па шашы яшчэ праiмчалiся з захаду на ўсход машыны з людзьмi, i пайшоў полем да лесу. Там ён доўга шукаў падкрыўчыстай асiны i пад ею выграб з зямлi новы звязак паперак, адну прыбiў да дрэва, а астатнiя вынес на дарогу i там раскiдаў. А сам зайшоў на той бок лесу, сеў у гушчырнi на пень i нешта думаў. Можа ён так сядзеў вельмi доўга, ён не заўважаў. Душа яго поўнiлася шчасцем. Ён адчуваў сябе так, як выкiнуты хваляй з мора на бераг. "Цяпер чакаць толькi далейшай радасцi". Каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты, заўважыў бы, як свяцiлiся яго вочкi i пячаць усмешкi час ад часу перасмыквала яго твар. Здавалася, ён зараз увойдзе ў нейкi незвычайны рух, i гэта будзе выяўленне яго душэўнага захаплення. Губы яго пачалi нешта шаптаць. Можна было б злавiць словы: "Дзякуй табе, Божа". Калi ўспомнiць тую яго малiтву пад дрэвам, то льга было б падумаць, што Бог пачуў яго i ўжо да яго прыйшла тая яго будучыня, аб якой ён так прасiў Бога. Або як бы ён адчуў блiзасць шчаслiвай будучынi, як толькi пачуў на дарозе дзiкi лямант жанчыны аб сваiм хлопчыку. Ён пакрысе аднак жа адумаўся, стаў пахмурны i задумёны i скрыўся ў лясной гушчырнi.

Там ён распароў нейкае шво ў пiнжачнай падшэўцы, выцягнуў адтуль некалькi пасведчанняў з пячаткамi i штампамi, выбраў адно i схаваў у кiшэню. А рэшту парваў i загроб пад купiну моху. Неўзабаве ён паказаўся на ўзлессi i, нiчога не баючыся, пайшоў цераз поле сцежкаю да скрыжавання. Мусiць пэўнае мэты ён на гэты час ужо не меў, а цягло яго да шашы, можа дзеля таго, што тут маглi быць хутчэй навiны з захаду. Ён здалёк наглядаў, як тая ўчарашняя дзяўчына вельмi шпарка iшла з сумлiцкай дарогi да шашы. Ён добра бачыў, што яна, як толькi выйшла на шашу, стала тварам на захад i падняла руку. Проста на яе iмчалася некалькi машын, поўных людзьмi. Але ўсе яны прайшлi далей, i яна зноў асталася адна на дарозе. Яшчэ раз угледзеўшыся ўдалячынь i нiчога там не заўважыўшы, яна паглядзела на вялiкае дрэва, шпарка падышла да яго i пачала чытаць паперку на iм. Твар яе змянiўся адразу. Скончыўшы чытаць, яна нейкi час стаяла ў аслупянелай задуме i раптам прытулiлася лбом да дрэва i заплакала. У наступную хвiлiну яна адкiнулася ад дрэва i ўбачыла перад сабою яго, таго самага. Заплаканая, збянтэжаная, яна ўздрыганулася i сказала з балючай прыкрасцю:

- Што, вы прыкуты да гэтага месца?

- Але ж тое самае я магу сказаць i вам. Вы яшчэ ўсё тут?

- Тут. Я нiяк не магу на машыну сесцi, - адсекла яна.

- Ну, i я тое самае. (Ён гаварыў не так, як яна, раздражнёна, а нават з адценнем ветласцi на твары i ў голасе.) Што вы такая змрочная, сама не свая?

Яна, замест адказу, ткнула пальцам у паперу на дрэве.

- Э, нiчога. Трэба трымаць сябе ў руках. Гэта не нам адным, а ўсiм. Будзе тое, што будзе.

- Мала што будзе, што будзе! Гэта кепская ўцеха. Бо ўсё пайшло намарна, што я ўжо зрабiла дзеля мае ж будучынi. У мяне не было бацькi, i раптам я стала мець роднага бацьку. Мы былi выгнаны з роднай хаты, i зноў хата стала нашай. Я дбала аб тым, кiм я жыцьму праз усё сваё жыццё. Гэты год я ўжо вучылася ў Беластоку. I раптам канец маiм студэнцкiм марам аб будучынi.

Усё гэта яна сказала прыгнечаным голасам i глядзела яму ў вочы, а на твары яго напiсалася абыякавасць i паглыбленне ва ўласныя думкi. Як толькi з'явiлася на дарозе машына, дзяўчына падняла руку, машына прайшла далей. Пасля пайшлi машыны адна за другой - з дзецьмi, з жанчынамi. Дзяўчына нават i не спыняла машыны, а на адну з iх узлезла на ходзе. Цэлая калона машын прайшла праз скрыжаванне з захаду на ўсход. I шаша стала пустая. Не было ўжо тут i дзяўчыны. Малады чалавек таксама знiк. Ён зноў рушыў полем у лес. Цяпер ён ужо ўпэўнiўся, што чаканы момант сапраўды настаў. Сонца паднiмалася высока, а ён ужо тут на скрыжаваннi зусiм не з'яўляўся. Было яшчэ не позна, да паўдня яшчэ не дайшло. Машыны па шашы пачалi iсцi ўсё часцей. З вышынi ледзь пачуўся гул самалётаў. Ён iрваўся i тузаўся ў падхмар'i i ўсё знiжаўся. Машыны на шашы спынялi рух i з'язджалi ў бакi, i зноў iрвалiся наперад. Самалёты з'явiлiся над самай шашою. Яны плылi над ёю, нiзка i павольна. Ужо яны праплылi над скрыжаваннем, i неўзабаве з усходняй стараны ад гэтага месца, блiзка, уздрыганулася зямля i паветра некалькi разоў засаб. Над вялiкiм дрэвам узвiўся спуджаны каршачок, над жытам узляцела многа птушак, вецер нацягнуў дыму i пылу, самалёты зрабiлi над шашой круг. На шашы, у розных месцах, спынiлiся ўсе машыны. Дзе льга было, яны з'язджалi на поле. Пакуль самалёты зусiм знiклi, прайшло, можа, з паўгадзiны. Сонца ўзнiмалася ўсё вышэй. Ужо яно моцна пякло. Тым часам над шашою i ў наваколлi зусiм цiха стала. Машына за машынай, i зноў пачынаўся на шашы рух. Але зноў праляцеў самалёт. I гэты над шашою ляцеў нiзка. Так што на яго хвасце вiдна была знiзу чорная свастыка. З шашы ён крута пайшоў на Сумлiчы. I льга было заўважыць, як ён доўга кружыўся над мястэчкам. А пасля i там уздрыганулася паветра i зямля, i над Сумлiчамi падняўся слуп агню i дыму. Тым часам з Сумлiч пачалi iсцi i бегчы людзi. I ў лес iшлi праз жытнi палетак, i ў жыце аставалiся, i назад варочалiся, i паўз шашу iшлi далей на ўсход. З сумлiцкай дарогi на перакрыжаванне ўз'ехала фурманка. Малады канюк бег вельмi шпарка. У драбiнках сядзеў Нявада, i поплеч яго малая дзяўчына гадоў пятнаццацi. Проста шашою Нявада пагнаў каня на ўсход. Ужо скрыжаванне асталося за iмi, i дарога раптам стала перад iмi загароджана. Гэта была страшная барыкада, якую мала калi бачыць свет. Недаломкi грузавых машын ляжалi бясформеннай кучай на ўсю шырыню шашы. Каля гэтага пагнутага i парванага калецтва, i пад iм, ляжалi чалавечыя ногi, рукi, тулавы без рук i галоў, i галовы без тулаваў. Чырвоная ад нявысахлай яшчэ крывi чалавечая постаць захавала ў раскiнутых руках i нагах iмклiвасць бегу. Галава без цела захавала ў адным незаплюшчаным воку цьмяную застыласць пакуты. Стогны i енкi чулiся з-пад гэтага жахлiвага награмаджэння. Нявада крута спынiў каня, саскочыў з воза, i следам за iм саскочыла дзяўчына. Нявада пачаў заварочваць каня назад. Пачуўся енк: - Злiтуйся, завязi да людзей цi куды з дарогi. - Нявада аслупянеў. У наступны момант ён прыгнуўся над жывым яшчэ дзiцем i паклаў яго на воз. Ён стаў шукаць тут жывых дзяцей i забiраць iх.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 39
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный.
Комментарии