Маўглi (на белорусском языке) - Редьярд Киплинг
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Гэта была не дзiчына, я паламаў бы аб яе ўсе зубы, але Белы Клабук сказаў, што людзi - а гаварыў ён так, быццам ведае гэтую пароду, - што людзi аддалi б усё да апошняга дыхання, каб толькi зiрнуць на гэтыя рэчы.
- Паглядзiм! - сказаў Маўглi. - Цяпер я ўспамiнаю, што калiсьцi быў чалавекам.
- Цiха, цiха! Паспешлiвасць загубiла Жоўтую Змяю, якая з'ела сонца. Мы пагаварылi пад зямлёй, i я расказаў пра цябе, называў цябе чалавекам. Белая кобра сказала (а яна сапраўды старая, як джунглi): "Даўно ўжо не бачыла я чалавека. Няхай прыйдзе, тады i пабачыць усе гэтыя рэчы. За сама малую з iх шмат хто з людзей не пашкадаваў бы жыцця".
- Значыцца, гэта новая дзiчына. А Ядавiты Народ нiколi ж не кажа нам, дзе ёсць няпуджаная дзiчына. Яны нядобразычлiвыя.
- Гэта не дзiчына. Гэта... гэта... я не магу сказаць, што гэта такое.
- Мы пойдзем туды. Я нiколi яшчэ не бачыў белай кобры, ды i на ўсё астатняе мне таксама хочацца паглядзець. Гэта яна iх забiла?
- Яны ўсе нежывыя. Кобра сказала, што пiльнуе iх.
- А! Як воўк пiльнуе здабычу, калi прывалачэ яе ў логава. Хадзем!
Маўглi падплыў да берага, пакачаўся па траве, каб абсохнуць, i яны ўдвух рушылi да Халодных Бярлогаў - закiнутага горада, пра якi вы, магчыма, чыталi.
Маўглi цяпер анi не баяўся малпаў, затое малпы дрыжалi ад страху перад Маўглi. Але Малпiна племя гойсала цяпер па джунглях, i Халодныя Бярлогi стаялi ў святле месяца пустыя i маўклiвыя.
Каа падпоўз да руiнаў княжацкай альтанкi пасярэдзiне тэрасы, перабраўся цераз кучы шчэбню i слiзгануў унiз па засыпанай абломкамi лесвiцы, якая вяла ў падзямелле. Маўглi падаў Змяiны Поклiч: "Мы з вамi адной крывi, вы i я!" - i папоўз за iм на карачках. Абодва яны доўга паўзлi па нахiленым калiдоры, якi некалькi разоў паварочваў убок, i нарэшце дабралiся да такога месца, дзе корань старога дрэва, што ўзнiмалася над зямлёй футаў на трыццаць, выцiснуў са сцяны вялiкi камень. Яны пралезлi ў дзiрку i апынулiся ў прасторным падзямеллi, скляпенне якога, рассунутае каранямi дрэў, таксама было ўсё ў расколiнах, так што зверху ў цемру падалi тонкiя праменьчыкi святла.
- Надзейны прытулак! - сказаў Маўглi i выпрастаўся на ўвесь рост. - Толькi ён занадта далёка, каб кожны дзень у iм бываць. Ну, а што ж мы тут убачым?
- Хiба я нiшто? - сказаў чыйсьцi голас у глыбiнi падзямелля.
Перад Маўглi мiльгнула штосьцi белае, i паступова ён разгледзеў такую вялiзную кобру, якiх ён дагэтуль не сустракаў, - амаль восем футаў даўжынёй, вылiнялую ад жыцця ў цемры да жаўцiзны старой слановай косцi. Нават акуляры на раздзьмутым клабуку зрабiлiся ў яе бледна-жоўтымi. Вочы ў кобры былi чырвоныя, як рубiны, i ўся яна была такая дзiўная з выгляду.
- Добрага палявання! - сказаў Маўглi, у якога ветлiвыя словы, як i паляўнiчы нож, былi заўсёды напагатове.
- Што новага ў горадзе? - спытала белая кобра, не адказваючы на прывiтанне. - Што новага ў вялiкiм горадзе, абгароджаным сцяною, у горадзе сотнi сланоў, дваццацi тысяч коней i незлiчоных статкаў, - у горадзе князя над дваццаццю князямi? Я станаўлюся тугаватай на вуха i даўно ўжо не чула баявых гонгаў.
- Над намi джунглi, - сказаў Маўглi. - Са сланоў я ведаю толькi Хатхi i яго сыноў. А што такое "князь"?
- Я гаварыў табе, - лагодна сказаў Каа, - я гаварыў табе чатыры месяцы назад, што твайго горада ўжо няма.
- Горад, вялiкi горад у лесе, чые вароты ахоўваюцца княжацкiмi вежамi, не можа знiкнуць. Яго пабудавалi яшчэ да таго, як дзед майго дзеда вылупiўся з яйка, i ён будзе стаяць i тады, калi сыны маiх сыноў пабялеюць, як я. Саладхi, сын Чандрабiджы, сына Вiйеджы, сына Ягасары, пабудаваў яго ў даўнiя часы. А хто ваш валадар?
- След згубiўся, - сказаў Маўглi, звяртаючыся да Каа. - Я не разумею, што яна гаворыць.
- Я таксама. Яна вельмi старая... Прамацi Кобраў, тут навокал адны толькi джунглi, як i было заўсёды, ад самага пачатку.
- Тады хто ж ён, - спытала белая кобра, - той, што сядзiць перада мною i не баiцца? Той, што не ведае iменi князя i размаўляе на нашай мове вуснамi чалавека? Хто ён, з нажом паляўнiчага i мовай змяi?
- Мяне завуць Маўглi, - быў адказ. - Я з джунгляў. Ваўкi - мой народ, а гэта Каа, мой брат. А ты хто, Мацi Кобраў?
- Я вартавы княжацкага скарбу. Каран Раджа палажыў нада мною камянi яшчэ тады, калi ў мяне была цёмная скура, каб я забiвала тых, што прыйдуць сюды красцi. Потым скарбы апусцiлi пад камень, i я пачула спевы жрацоў, маiх настаўнiкаў.
"Гм! - сказаў сам сабе Маўглi. - З адным жрацом я ўжо меў справу ў чалавечай чарадзе, i я ведаю, што ведаю. Хутка сюды прыйдзе бяда".
- Пяць разоў падымалi камень з таго часу, як я пiльную скарб, але заўсёды для таго, каб дабавiць яшчэ, а не панесцi адсюль. Нiдзе няма такiх багаццяў, як гэтыя - скарбы ста князёў. Але даўным-даўно ўжо не падымалi камень, i мне здаецца, што пра мой горад забылiся.
- Горада няма. Паглядзi навокал - вунь каранi вялiкiх дрэў рассунулi камянi. Дрэвы i людзi не растуць разам, - угаворваў яе Каа.
- Двойчы i тройчы людзi знаходзiлi сюды дарогу, - злосна адказала кобра, але яны нiчога не гаварылi, пакуль я не знаходзiла iх вобмацкам у цемры, а тады крычалi, толькi зусiм нядоўга. А вы абое прыйшлi да мяне з хлуснёй, i чалавек i змяя, i хочаце, каб я вам паверыла, нiбыта майго горада больш няма i прыйшоў канец маёй службе. Людзi мала змяняюцца з гадамi. А я не змяняюся! Пакуль не падымуць камень i не прыйдуць жрацы са спевам знаёмых мне песняў, i не напояць мяне цёплым малаком, i не вынесуць адсюль на святло, я, я, я - i нiхто iншы! - буду Вартавым Княжацкага Скарбу! Горад памёр, кажаце вы, i сюды пранiклi каранi дрэў? Дык нагнiцеся ж i вазьмiце што хочаце! Няма нiдзе на зямлi такiх скарбаў! Чалавек са змяiнай мовай, калi ты зможаш выйсцi адсюль жывы тою дарогаю, якою прыйшоў, князi будуць табе слугамi!
- След зноў згубiўся, - спакойна сказаў Маўглi. - Няўжо якi-небудзь шакал прагробся гэтак глыбока i ўкусiў вялiкi белы Клабук? Яна, мусiць, ашалела... Мацi Кобраў, я не бачу, што можна адсюль вынесцi.
- Клянуся багамi Сонца i Месяца, хлопчык страцiў розум! - сыкнула кобра. Перш чым заплюшчацца твае вочы, я зраблю табе адну вялiкую ласку. Глядзi - i ўбачыш тое, чаго не бачыў яшчэ нiхто з людзей!
- Кепска бывае таму, хто гаворыць Маўглi пра ласку, - адказаў хлопчык скрозь зубы, - але ў цемры ўсё змяняецца, я ведаю. Я пагляджу, калi табе гэтак хочацца.
Прыжмурыўшы вочы, ён абвёў пiльным позiркам падзямелле, потым падняў з-пад ног жменьку чагосьцi блiскучага.
- Ого! - сказаў ён. - Гэта падобна на тыя штучкi, якiмi забаўляюцца ў чалавечай чарадзе. Толькi гэтыя жоўтыя, а тыя былi карычневыя.
Ён выпусцiў золата долу i зрабiў крок уперад. Усё падзямелле было выслана слоем залатых i сярэбраных манет таўшчынёй пяць-шэсць футаў; манет, што высыпалiся з мяхоў, дзе яны раней захоўвалiся. За доўгiя гады метал зляжаўся i выраўняўся, як пясок у час адлiву. На манетах i пад iмi, закапаўшыся ў iх, як абломкi крушэння ў пяску, былi чаканнага серабра сёдлы для сланоў з бляхамi каванага золата, аздобленыя рубiнамi i бiрузой. Там былi паланкiны i насiлкi для княгiняў, акаваныя i ўпрыгожаныя серабром i эмаллю, з нефрытавымi ручкамi i бурштынавымi кольцамi для фiранак; там былi залатыя свяцiльнi са смарагдавымi падвескамi, што калыхалiся на iх; там былi пяцiфутавыя статуi даўно забытых багоў, сярэбраныя, са смарагдавымi вачамi; былi кальчугi, стальныя, з залатою насечкаю i з махрамi з пачарнелага дробнага жэмчугу; там былi шлемы з грабянямi, усыпанымi рубiнамi колеру галубiнай крывi; там былi лакiраваныя шчыты з панцыра чарапахi i скуры насарога, акутыя чыстым золатам са смарагдамi па краях; бярэмы шабляў, кiнжалаў i паляўнiчых нажоў з алмазнымi тронкамi; залатыя чашы i каўшы i пераносныя алтары, што нiколi не бачылi дзённага святла; нефрытавыя келiхi i бранзалеты; кадзiлы, грабянi, пасудзiны для духоў, хны i сурмы, усё з чыстага золата; мноства кольцаў для носа, абручоў, пярсцёнкаў i паясоў; паясы на сем пальцаў шырынёю з гранёных алмазаў i рубiнаў i драўляныя шкатулкi, тройчы акутыя жалезам, дрэва якiх рассыпалася ў пыл, i засталiся груды апалаў, кацiнага вока, сапфiраў, рубiнаў, брыльянтаў, смарагдаў i гранатаў.
Белая кобра гаварыла праўду: нiякiмi грашыма нельга было ацанiць гэткi скарб - здабыткi многiх i стагоддзяў вайны, рабункаў, гандлю i пабораў. Адным толькi манетам не было цаны, ужо не кажучы пра каштоўныя камянi; золата i серабра тут было не менш за дзвесце цi трыста тон чыстай вагi.
Ды Маўглi, вядома, не зразумеў, што значаць гэтыя рэчы. Нажы зацiкавiлi яго трошкi, але яны не былi такiя зручныя, як яго нож, i таму ён iх кiнуў. Нарэшце ён знайшоў нешта сапраўды прывабнае; яно ляжала перад слановым сядлом, напалову засыпаным манетамi. Гэта быў анкус - кароткi жалезны крук, якiм паганяюць сланоў. Яго дзяржальна ўпрыгожваў круглы зiхатлiвы рубiн, а васьмiцалёвай даўжынi ручка была спрэс аздоблена нешлiфаванай бiрузой, так што трымаць яе ў руцэ было вельмi зручна. Нiжэй быў нефрытавй абадок, а вакол яго iшоў узор з кветак, толькi лiсце было смарагдавае, а кветкi - рубiны, устаўленыя ў халаднаваты зялёны камень. Астатняя частка ручкi была з чыстай слановай косцi, а самы канец - вастрыё i крук - быў стальны з залатой насечкай, малюнак якой паказваў паляванне на сланоў. Малюнкi i зачаравалi Маўглi: ён убачыў, што на iх паказаны яго сябар Хатхi.