Вайна сусветаў (на белорусском языке) - Герберт Уэллс
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Потым ён зноў успомнiў аб правiзii, да якой я яго не дапускаў, прасiў мяне, плакаў, пагражаў. Ён пачаў павышаць голас; я прасiў не рабiць гэтага; ён зразумеў сваю ўладу нада мною i пачаў пагражаць, што будзе крычаць i прыцягне ўвагу марсiянаў. Спярша я напалохаўся, але потым зразумеў, што калi я ўступлю яму, то нашы шансы на выратаванне зменшацца. Я адмовiў яму, хоць i не быў упэўнены, што ён рэалiзуе сваю пагрозу. Гэтым днём ва ўсякiм выпадку гэтага не адбылося. Ён гаварыў гучней i гучней увесь восьмы i дзевяты дзень; гэта былi пагрозы, просьбы, парывы неразумнага шматслоўнага раскайвання ў абыякавым, недастойным служэннi богу. Мне стала шкада яго. Крыху паспаўшы, ён зноў пачаў гаварыць, на гэты раз так гучна, што я вымушаны быў умяшацца.
- Маўчыце! - прасiў я.
Ён апусцiўся на каленi ў цемнаце каля катла.
- Я надта доўга маўчаў, - сказаў ён так моцна, што яго павiнны былi пачуць у яме, - цяпер я павiнен сведчыць. Гора гэтаму незаконнаму гораду! Гора! Гора! Гора! Гора насельнiкам Зямлi, бо ўжо прагучала труба.
- Змоўкнiце! - прахрыпеў я, сцепаючыся ад думкi, што марсiянiн нас пачуў. - Богам прашу, змоўкнiце!..
- Не! - усклiкнуў ён гучна, падымаючыся i працягваючы наперад рукi. Выкажы! Слова божае ў маiх вуснах.
За тры скачкi ён апынуўся каля дзвярэй у кухню.
- Я павiнен сведчыць! Я iду! Я i так доўга марудзiў.
Я схапiў сякач, што вiсеў на сцяне, i кiнуўся за iм. Ад страху мяне ахапiла шаленства. Я дагнаў яго пасярод кухнi. Паддаючыся апошняму парыву чалавекалюбства, я павярнуў вастрыё нажа на сябе i стукнуў святара ручкаю. Ён упаў нiцма на падлогу. Хiстаючыся, я пераступiў цераз яго i спынiўся, цяжка дыхаючы. Ён ляжаў нерухома.
Раптам я пачуў шум звонку, як быццам абсыпалася тынкоўка, i трохвугольная адтулiна ў сцяне закрылася. Я зiрнуў уверх i ўбачыў, што мнагарукая машына рухаецца мiма шчылiны. Адно са шчупальцаў варушылася сярод абломкаў. Паказалася другое шчупальца, заслiзгала па абваленых бэльках. Я замёр з жаху. Потым я ўбачыў нешта накшталт празрыстай пласцiнкi, якая прыкрывала пачварны твар i вялiкiя цёмныя вочы марсiянiна. Металiчны спрут выкручваўся, шчупальца паволi прасоўвалася ў праём.
Я адскочыў, спатыкнуўся аб святара i спынiўся каля дзвярэй пасудамыйкi. Шчупальца прасунулася на ярды два ў кухню, выкручваючыся i паварочваючыся ва ўсе бакi. Некалькi секунд я стаяў як зачараваны, гледзячы на яго павольнае, штуршкападобнае наблiжэнне. Потым цiха выкрыкнуў ад страху, кiнуўся ў пасудамыйку. Я так дрыжаў, што ледзь стаяў на нагах. Адчынiўшы дзверы ў вугальны падвал, я апынуўся ў цемнаце; глядзеў праз шчылiну ў дзвярах i прыслухоўваўся. Цi заўважыў мяне марсiянiн? Што ён там робiць?
У кухнi штосьцi паволi рухалася, чаплялася за сцены, выдаючы лёгкi металiчны звон, нiбы звязка ключоў на колцы. Затым якоесьцi цяжкае цела - я добра ведаю якое, - павалаклося па падлозе кухнi да адтулiны. Я не стрымаўся, падышоў да дзвярэй i зiрнуў у кухню. У трохвугольнай, асветленай сонцам адтулiне я ўбачыў марсiянiна ў мнагарукай машыне, якi напамiнаў Брыярэя; ён уважлiва разглядваў галаву святара. Я адразу ж падумаў, што ён здагадаецца аб маёй прысутнасцi па глыбокай ране.
Я папоўз у вугальны падвал, зачынiў дзверы i ў цемры, стараючыся не шумець, пачаў закопвацца ў вугаль i навальваць на сябе дровы. Кожную хвiлiну я сцiшваўся i прыслухоўваўся, каб пачуць наверсе рух шчупальца марсiянiна.
Нечакана лёгкае металiчнае пастукванне зноў аднавiлася. Шчупальца паволi рухалася па кухнi. Усё блiжэй i блiжэй - яно ўжо ў пасудамыйцы. Я спадзяваўся, што мяне не кране. Я пачаў малiцца. Шчупальца шкрабанула па дзвярах склепа. Настала цэлая вечнасць амаль невыноснага чакання; я пачуў, як стукнула клямка. Ён знайшоў дзверы! Марсiяне разумеюць, што такое дзверы!
Шчупальца праваждалася з клямкай каля хвiлiны; потым дзверы адчынiлiся.
У цемры я ледзь бачыў гэты гнуткi адростак, якi больш за ўсё напамiнаў слановы хобат; шчупальца наблiжалася да мяне, мацала сцяну, кускi вугалю, дровы i столь. Гэта быў нiбы чорны чарвяк, якi паварочваў сваю сляпую галаву.
Шчупальца кранула абцас майго чаравiка. Я ледзь не закрычаў, але стрымаўся, учапiўшыся зубамi ў руку. З хвiлiну ўсё было цiха. Раптам, нечакана шчоўкнуўшы, яно схапiла нешта, - мне падалося, што мяне! - i нiбы стала аддаляцца ад склепа. Але я не быў у гэтым упэўнены. Вiдаць, яно захапiла кусок вугалю.
Выкарыстаўшы выпадак, я выпрастаў здранцвелыя ногi i рукi i прыслухаўся. Я старанна малiўся - хоць бы выратавацца.
Я не ведаў, цi дацягнецца яно да мяне. Раптам моцным кароткiм ударам яно зачынiла дзверы склепа. Я чуў, як яно зашуршэла па кладоўцы, як перамяшчалiся бляшанкi з бiсквiтамi, як разбiлася бутэлька. Потым новы стук у дзверы склепа. Потым цiшыня i бясконца пакутлiвае чаканне.
Пайшло цi не?
Нарэшце я вырашыў, што пайшло.
Шчупальца больш не вярталася ў вугальны склеп; але я праляжаў увесь дзесяты дзень у цемнаце, закапаўшыся ў вугаль, не рызыкуючы вылезцi нават, каб напiцца: мне страшэнна хацелася пiць. Толькi на адзiнаццаты дзень я адважыўся выйсцi са свайго сховiшча.
V
ЦIШЫНЯ
Перш чым пайсцi ў кладоўку, я запёр дзверы з кухнi ў пасудамыйку. Але кладоўка была пустая; правiзiя ўся знiкла - да апошняй крошкi. Вiдаць, марсiянiн усё забраў. Упершыню за гэтыя дзесяць дзён мяне ахапiў адчай. Не толькi ў гэты дзень, але i ў два наступныя я нiчога не еў.
Рот i горла перасохлi, я моцна аслабеў. Я сядзеў у пасудамыйцы ў цемнаце, страцiўшы ўсялякую надзею. Мне мiрсцiлiся ўсякiя стравы i здавалася, што я аглух, так як гукi, якiя я прывык чуць з боку ямы, абсалютна зацiхлi. У мяне нават не хапiла сiлы, каб бясшумна падпаўзцi да шчылiны ў кухнi, а я б гэта зрабiў.
На дванаццаты дзень горла так перасохла, што я, рызыкуючы паявiцца перад марсiянамi, пачаў круцiць скрыпучую помпу каля ракавiны i здабыў каля дзвюх шклянак цёмнай мутнай вадкасцi. Вада асвяжыла мяне, i я крыху павесялеў, бачачы, што на шум ад помпы не паявiлася нiводнага шчупальца.
На працягу гэтых дзён я многа думаў пра святара i яго смерць, але думкi мае блыталiся i разбягалiся.
На трынаццаты дзень я выпiў яшчэ крыху вады i ў дрымоце думаў пра ежу, выношвачы фантастычныя, нерэальныя планы ўцёку. Як толькi я пачынаў драмаць, мяне мучылi кашмары: то смерць святара, то раскошныя пiры. Але i ў сне i на самой справе я адчуваў страшэнны боль у горле i, прачынаючыся, пiў i пiў бясконца. Святло, якое пранiкла ў пасудамыйку, было цяпер не шэраватым, а чырванаватым. Нервы ў мяне былi так разладжаны, што гэта святло здавалася мне крывавым.
На чатырнаццаты дзень я пайшоў у кухню i вельмi здзiвiўся, убачыўшы, што трэшчына ў сцяне зарасла чырвонай травою i паўзмрок набыў чырванаватае адценне.
Ранiцаю на пятнаццаты дзень я пачуў у кухнi нейкiя дзiўныя, вельмi знаёмыя гукi. Я прыслухаўся i вырашыў, што гэта, вiдаць, скавыча i драпаецца сабака. Увайшоўшы ў кухню, я ўбачыў сабачую морду, прасунутую ў шчылiну праз зараслi чырвонай травы. Я вельмi здзiвiўся. Пачуўшы мяне, сабака адрывiста забрахаў.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});