Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Проза » Русская классическая проза » Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Читать онлайн Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39
Перейти на страницу:

- Нявiннае дзiця... Можа там яна дрыжыць ад крыку тоўстага салдата...

Нявада прыдумляў словы, ён не ведаў, што Палiводскi пражыў жыццё адзiн, без сям'i i без дзяцей, i тое, што яму, Няваду, магло быць мэтай, Палiводскаму было нiчым. Нарэшце i Нявада змоўк, i маўчанне гэтае, здаецца, навалiлася нязносным цяжарам на ўвесь свет. Палiводскi раптам падпёр твар рукамi i прамыляў губамi так, што Нявада ледзь пачуў:

- Позна ўжо... няма... i не трэба! - апошняе слова ён выгукнуў мацней i зноў замыляў губамi. - Жыццё пражыта чорт ведае як... I нiчога не ўдалося...

Губы яго зноў пачалi перасмыквацца, i ён стаў у ранейшай паставе, з рукамi за спiной. Нявада з жахам уздрыгануўся, спазма здушыла яму горла, i ён прахрыпеў:

- Позна? Яе расстралялi? - I ён закалацiўся, як прыгавораны к смерцi.

Палiводскi закрычаў:

- Прынёс позна! Трэба было дваццаць год таму назад! - Палiцэйскi з'явiўся ў дзвярах, падазрона зiрнуў на Няваду i цiха сказаў да Палiводскага:

- Яшчэ просiцца... там увесь час сядзiць. Гаворыць, што яго ўспомняць, каб сказаць, што ён сын Стафана Акаловiча.

Палiводскi разоў дзесяць засаб перасмыкнуў губамi i ўсiм тварам i сказаў:

- Няхай увойдзе.

Твар яго як быццам праяснiўся. Здавалася, што з думак яго сышло ўжо ўсё, апроч таго, што папрасiўся сюды. Ён падышоў да дзвярэй, каб сустрэць сына Стафана Акаловiча. Нявада трымаўся, каб не застагнаць, так цiснула яму ў грудзi i горла. Ён аж хiстануўся ўбок ад жаху, убачыўшы, што ў дзвярах з'явiўся той самы малады i абарваны, якога ён тады, даўно ўжо, траха не забiў жалезам па галаве. Цяпер ён быў яшчэ больш абарваны i больш быў падобны да абцягненага скурай шкiлета, як да чалавека. Палiводскi працягнуў яму руку, а той дзiка азiраўся каля сябе.

- Я сын таго Акаловiча, якi меў знаёмства з вамi многа год i да якога, пад Клецак, вы заязджалi...

- Ваш бацька быў самым блiзкiм мне чалавекам з усiх...

- Майго бацьку немцы павесiлi, - сказаў з узнятасцю Акаловiч. - Я не маю дзе галаву прытулiць, за мною, як за воўкам, палююць, дзе б хто нi сустрэў мяне... Увесь свет цесны мне. Дзе ж тая вялiкая Польшча? I малое яе няма! Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?..

Ён задыхваўся. Нявада прылiп плячыма да сцяны. Палiводскi сеў к сталу i ўнурыў твар. Акаловiч пачаў калацiцца, як пасаджаны на пакуту. Палiводскi крыкнуў Няваду (вiдаць было, што раптам успомнiў):

- Выйдзi! - I ўставiўся сухiмi вачыма ў Нявадаў твар.

Нявада, iрвануўшыся з месца, бачыў, як Акаловiч затрапятаў рукой пад запазухай i двума крокамi апынуўся перад самым Палiводскiм. Нявада застыў на месцы. Акаловiч iрвануў з нетраў дзiравае адзежы штосьцi малое, цёмнае, чаго Нявада не мог разгледзець. Палiводскi сядзеў унураны. Акаловiч кiнуў у яго бок сваю руку. Нявада не паспеў нiчога нi падумаць, нi разгледзець. Траскучы гук i дым, i Палiводскi тузануўся ўнiз i грунуўся аб падлогу, галавою пад стол. Акаловiч пераскочыў цераз яго i рынуўся ў акно, але адразу ўзаскочыць на падаконнiк не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла i тады ўжо кiнуцца на двор. Нявада не паспеў апамятавацца. Палiцай, утрапёны i перапалоханы, сыпануў у пакой кулямi, але ў самы пакой не ўбег i закрычаў. Нявада падбег да акна i толькi цяпер заўважыў, што рука ў Палiводскага адкiнута з-пад стала па падлозе на праход памiж сталом i акном. Палiводскi быў мёртвы - толькi цяпер уцямiў Нявада. Ён шпарка апынуўся на акне i, трымаючыся за падаконнiк, гупнуў нагамi на зямлю. Як у спёку смага, яго мучыла прага хутчэй аддалiцца ад гэтага месца, да якога ён iшоў цэлы месяц i якое стала яму цяпер страшным i агiдным. Ён пабег куды вочы глядзелi i заўважыў, што пад нагамi ў яго мокрая трава. Задыхваючыся, ён бег у цемень ранняй ночы, чуючы, як бяда завязвае яму свет i смутак, большы яшчэ, як калi раней, цiсне яго ў зямлю. Ён не меў пачуцця таго, цi многа ён прабег. Сэрца распiрала яму грудзi. Ён пайшоў павальней, i кожная нага здалася яму стопудовай. Колькi жыў ён на свеце, ён яшчэ не быў у такiм жаху. Гэта была яго апошняя думка. Ззаду пачалi зноў страляць. Штосьцi падобнае на кулямётную чаргу пачало абзывацца за iм раз-поразу. Ён упаў на зямлю, перачакаў, устаў i зноў пайшоў. На пятым кроку зноў трэснула i стукнула ззаду. Яго тузанула ў спiне. Ён упаў у той жа момант адразу. Ён быў мёртвы ўжо ў момант, калi дакрануўся грудзьмi i тварам зямлi.

Акаловiч выйшаў на ўзлессе з палявой цалiны, калi яшчэ як мае быць не развiднела на наступны дзень. За ноч ён прайшоў нямала дарогi. Нервовае ўзбуджэнне зрабiла яму лёгкiмi ногi. Але нiколi яшчэ ён не меў такога страшнага выгляду. Вочы, як промнi, здаецца яны палалi i кожную секунду пераменьвалi сваё месца па твары. Здаралася, што гэты чалавек зараз перагарыць i ператлее ад таго, што з'ядае яго з сярэдзiны. З адной нагi ў яго згубiўся чаравiк, у другiм валачылася падэшва. Вышэй кален ён быў мокры, без шапкi i з распаласаванай напалам калашыной нагавiц да самай паяснiцы. Iшоў ён няроўна. То ледзьве цягнуў ногi, то ўваходзiў у подбег. Дзiка азiрнуўшыся на ўзлессi, ён стаў, пачаў глядзець угару i прыслухоўвацца. Але гэта было так сабе. Нiчога нiдзе ён не заўважаў, бо неўзабаве ўжо быццам смела прысеў на мокры камень, але не надоўга. Праз паўгадзiны ён ужо iшоў нейкаю лясною сцежкаю, i напэўна сам не ведаючы куды. Раптам выбiлася з-за тумановага засцiлу сонца, чырвонае, круглае i вялiкае, у прасвеццi памiж дрэў яно стаяла, як аглядальнiк зямлi. "Усход! Там усход! А супроцьлеглы яму захад! А на захадзе, адгэтуль на захад, родны дом, i клён той, i можа хоць адзiн якi яшчэ знойдзецца там блiзкi знаёмы твар. Можа там яшчэ гаварыць будзе з кiм, доўга, штодзень, аб былым маленстве, аб колiшнiх надзеях..." Ён сцiснуў зубы ад крыўды i нянавiсцi. I дзiўна. Яго надзея не спраўдзiлася. Тое, што Палiводскага ўжо няма жывога, не дало яму палёгкi. Безнадзейнасць i чорны смутак душылi яго. Але ён павярнуўся плячыма да сонца, якое ўсё вышэй усплывала ў неба. "Iсцi ад сонца - дык прыйсцi на захад". Ён як бы працверазiўся. Ён стараўся ўжо разабрацца, куды ж завялi яго за ноч ногi? Мясцовасць была незнаёмая. Лес, поле, вада ў лагчынах, крыклiвыя вароны, скрыжованыя сцежкi цераз поле, i чалавек нейкi.

Гэты чалавек стаяў у нiзкiх зараснiках на мяжы поля i лесу i вiдзён быў увесь ад пояса. Ёы быў так блiзка, што Акаловiч выразна заўважыў, што ён даўно не галiўся. Адзiн на аднаго яны глядзелi, i той раптам гукнуў:

- Эй, хто ты, падыдзi сюды!

Акаловiч нехаця i з такiм адчуваннем, быццам сэрца яго ў грудзях адарвалася ад свайго месца, падышоў да чалавека. Той адразу прыцэлiўся ў яго з аўтаматычнай вiнтоўкi, кашлянуў мокра i хрыпла i сказаў захалоджаным голасам:

- Хто ты?!

Акаловiч уныў i варухнуў губамi.

- Ну, кажы, хто ты? Дэзертыр з Чырвонай Армii?! Ну! А мо шпiён нямецкi, ходзiш тут, вiжуеш!

- Нашто ж тут немцам шпiёны, калi яны тут... - стараючыся гаварыць развязна i з нуднай усмешкай, адказаў Акаловiч.

- Калi яны тут? Не яны тут, а мы тут! - крыкнуў чалавек, i Акаловiч бачыў, што праз паўсекунды чалавек стрэлiць. Акаловiч са страшнай сiлай адчуў непераможную прагу дацягнуцца туды, пад Клецак, i гэта ўжо рабiлася яго адзiнай мэтай у жыццi. Iнстынктыўна, не думаючы, ён, само сабой, узяў у момант панiбрацкi тон:

- Што ты робiш! Спусцi стрэльбу! Дурань!

- А ты чаму не кажаш, хто ты! Кажы! Кажы, бо зараз стрэлю!

- Я iду з аперацыi.

Чалавек спусцiў унiз вiнтоўку.

- Ну дык прысядзем, закурым. "Божа! Чалавечае слова! Упершыню за ўвесь гэты страшны час!"

- Сядзець мне няма калi.

- Далёка табе iсцi трэба?

- Пад Клецак.

- А дзе гэта?

- Ад Нясвiжа пятнаццаць кiламетраў.

- Нясвiж чуў, а як жа. То пакажы дакумент.

Акаловiч адгарнуў ад жывата транты свае адзежыны i пачаў абмацваць у кашулi вышэй жывата лiштву, па якой зашпiльвалася кашуля. У адным месцы лiштва не была прышыта, а толькi зарублена. Удала дзе-нiдзе прафастрыгованая, яна шчыльна прылягала да кашулi. Акаловiч засунуў пад яе палец i пачаў там iм шнарыць. Чалавек чакаў. Акаловiч дастаў адтуль скручаную ў валiк паперку. Раскруцiў, паглядзеў i падаў чалавеку. Той пачаў пра сябе чытаць. Гэта было пасведчанне Нясвiжскага райсавета, што Люцыян Акаловiч ёсць селянiн з Рымашоўскiх хутароў, Нясвiжскага раёна, Баранавiцкай вобласцi. I штамп, i пячатка, i подпiсы - усё было на месцы, i нельга было здагадацца, што паперка рабiлася не ў Нясвiжы, а дзесьцi ў Германii. Прачытаўшы паперку, чалавек падазрона паглядзеў на Акаловiча i, не аддаючы яму яго пасведчання, сказаў:

- Дык ты туды i iдзеш?

- Туды.

- А дарогу ты ведаеш?

Акаловiч зразумеў недавер'е i пачаў гаварыць:

- Мне на Маскоўска-Варшаўскую шашу трэба выбiцца, а там я ўжо ведаю.

- А там як?

- А там як?! Пасля Слуцка праз Селiцкiя крыжы, Лядныя, Гулевiчы, Пiлiпавiчы i кiламетраў сорак не даходзячы да Сiняўкi...

- Дык табе ж гэта круг будзе, - дапытваў чалавек, не спускаючы з Акаловiча пiльных вачэй.

- Дык можна i iнакш, - адразу схамянуўся Акаловiч. - Мусiць-такi я пайду з-пад Гулевiч на Цiмкавiчы, на Пузава...

- Чакай, а яшчэ?

- Шашою да Слуцка, а там з шашы сысцi зусiм, а прысадамi да Нясвiжа, а там, не ўваходзячы ў горад, а толькi прайшоўшы Новае Места i ля брамнага ўезду ў горад, адразу налева да Мураванкi...

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Кузьма Черный.
Комментарии