Няхай жыве горад шчасця! - Вітаўт Чаропка
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
I вось я крочу па ім. Любуюся яго прыгажосцю.
А паўз мяне крочаць людзі, і ўсе без масак, размаўляюць і емяюцца. Ніколі не думаў, што могуць быць такімі прыгожымі людскія твары, асабліва жаночыя. У кожную жанчыну, што праходзіла паўз мяне, я ўлюбляўся. I трывожылі маё сэрца іх усмешкі і вочы. Як тут не зайздросціць мужчынам, што жылі ў горадзе?
— Падарожнік, не спяшайся, заходзь да мяне,—аклікнуў мяне з балкона аднаго з дамоў стары. Ягоныя вялікія добрыя вочы, адкрыты прыгожы твар выклікалі давер.
— Адкуль жа вы ведаеце, што я падарожнік?
— А я тут усіх ведаю, цябе ж бачу ўпершыню. I вопратка ў цябе не тутэйшая. Заходзь да мяне, спачні з дарогі.
У дзвярах яго дома мяне сустрэла маладая прыгожая дзяўчына. Я бяру з яе рук хлеб i соль, дзякую за сустрэчу. Дзяўчына запрашае мяне ў дом і цалуе ў вусны. У святліцы гаспадар запрашае мяне за стол паснедаць.
«Вось той мудрэц, які растлумачыць мне, што такое Любоў, Шкадоба, Памяць, Адказнасць перад Богам і Людзьмі, Духоўнасць»,—думаў я, паглядаючы на старога. Доўгія космы сівых валасоў, белая густая барада, цёмныя з сівізной бровы, якія навіслі над вачыма, вялікі пукаты лоб надавалі старому выгляд біблейскага мудраца з палотнаў старых майстроў, рэпрадукцый-паштовак, якія захаваліся ў матулі.
— Як жа цябе завуць, чалавек?
— Нумар дваццаць адзін, восемдзесят адзін, дзевяцьсот шэсцьдзесят адзін, — адказваю я і бачу, як вочы старога ад здзіўлення расшырыліся.
— Хіба можна так называць чалавека?—наіўна спытаўся ён.
— А як жа?—прыйшла чарга здзіўляцца і мне.
— Як? Любка, Міраслаў, Лесь, Лель, Прадслава, Бажэнка, Яна, Рагнедзь, Алеся. Услухайся, якая паэзія. Як жа так вы згубілі імёны? Адкуль ты прыйшоў?
Як мы згубілі свае імёны? Я i сам гатоў спытаць гэта, але ў каго? Што ж яму адказаць? Прамаўчаць? А што яму мовіць пра горад Шчасця? Адкрыць, што я прыйшоў з будучага, у якім наканавана жыць ягоным унукам? Не, я i тут прамаўчу. I я выдумліваю пра нейкую далёкую краіну, у якой жыву, што пачуў аб іхнім слынным горадзе i вось выправіўся ў няблізкі шлях, каб на свае вочы пабачыць яго. Стары, як ні дзіўна, верыць мне, i вочы яго зіхацяць шчаслівай слязой. Даслухаўшы мяне, ён па-маладому падхопліваецца на ногі.
— О наш горад! Мы любім яго! Пайшлі, я пакажу ягоныя славутасці, — ён выводзіць мяне на балкон.—Вунь той храм, — паказвае ён на будынак з вежамі, што птушкамі рваліся ў неба, — будавалі мае дзяды. У ім хрысцілі майго бацьку i мяне. У ім я хрысціў сваіх сыноў і ўнукаў.
Ён казаў, а я маўчаў. Маўчаў пра тое, што храм гэты разбураны i паставілі на ягоным месцы помнік чарговаму старшыні дэпартаментаў, якому праз некалькі гадоў знеслі галаву, а замест яе прыладзілі галаву новага старшыні.
— А вунь у тым храме, — стары паказаў на другі будынак з высокімі вежамі, — пахаваны наш герой. Ён абараняў горад ад ворагаў. Мы пабудавалі ў памяць аб ім храм, дзе і пахавалі яго.
А я маўчаў, што храм гэты як гняздо цемрашальства таксама даўно знесены i на ягоным месцы загулы ў жлуктоўні «Ветерок» наталяюць сваю прагу да хмелю.
Стары распавядаў пра дом, дзе нарадзіўся паэт, які хаця i памёр юнаком, але пакінуў у спадчыну нізку чароўных вершаў. Ягоны дом таксама ўжо зруйнаваны.
— А вунь там тэатр. Там упершыню прагучала музыка нашага кампазітара, якога пасля ўвесь свет назаве вялікім.
А я нагадаў, як білі чыноўнікі дэпартамента культуры кулакамі ў грудзі і запэўнівалі ўсіх, што плячыма падапруць будынак тэатра, а ноччу разбурылі яго. Я маўчаў. I тут на плошчу выехаў бранявік. Цераз увесь браніраваны кузаў было выведзена чырвонай фарбай—«Дэпартамент Пільнасці». Гараджане здзіўлена глядзелі на браніраваную машыну. А я пра ўсё здагадаўся. Прэзідэнцкае прадказанне збылося. Дэпартамент не спаў. 3 браневіка выскачылі агенты. Яны ўбачылі мяне на балконе.
— Вось ён, вось ён! — раз’ятраныя галасы агентаў загучалі на пляцы. Агенты пабеглі да дома старога.
— Хто гэта такія? Яны што, звар’яцелі? — нічога не разумеў стары.
— Не, яны не звар’яцелі. Яны робяць сваю справу. Гэта я — вар’ят,— адказаў я.
Ён з трывогаю паглядзеў на мяне.
— Як гэта ты вар’ят?
— Вар’ят. Так-так, вар’ят. Я не хачу быць шчаслівым, жыць у самым шчаслівым месцы на свеце. Я не хачу радавацца свайму шчасцю. Вось за мною і паслалі, каб мяне, неразумнага, вярнуць да Шчасця.
— Ратуйся, уцякай, — падштурхнуў мяне стары, — Бяжы.
Я выбег са святліцы і пабег па доўгім-доўгім цёмным калідоры, які асвятляў адзіны ліхтар. А за спінаю ўжо чуўся грукат ботаў. Гэта быў бег зацкаванага звера, які не ведаў, куды бегчы, што там чакае наперадзе — мо пастка?—толькі бегчы, толькі б пазбавіцца пагоні. У канцы калідора былі выратавальныя дзверы. Я падбег да іх, схапіў колца, што звісала з жалезнай ашчаперанай пашчы, і пацяшуў дзверы на сябе.
У невялікім пакоі за дубовым стадом, на якім стаяла ў патэльнях і місах снеданне, сядзелі барадатыя, у белых плашчах мужчыны. Крайні ля дзвярэй паспешліва схаваў пад стол бутэльку, але я ўбачыў наклейку «Портвейн. Плодово-ягодное вино».
— Што здарылася, мой сябар?— звярнуўся да мяне мужчына, што сядзеў у сярэдзіне застолля. Ён вельмі быў падобны на Хрыста, якога я бачыў на матчынай паштоўцы «Дынарый кесара». Ягоныя добрыя i сумныя вочы з любоўю пазіралі на мяне.
— За мной гоняцца. I нідзе мне няма выратавання.
— Тут сярод нас ты знойдзеш выратаванне. Сядай за наш стол.
Я сеў за стол.
— I так, вучні мае, ведаеце, што трэба зрабіць, калі вам будзе цяжка? Адшукайце чалавека, якому яшчэ горш, чым табе, —казаў ціхім голасам падобны на Хрыста.
— I на ягоных пакутах суцешыць сябе, маўляў, не мне аднаму кепска, — адказаў чалавек, які хаваў бутэльку віна.
— Не, ты не так зразумеў. Дапамажы яму, i тады адчуеш боскае шчасце, бо, моўлена ў Святым пісьме, хм... — «Хрыстос» сумеўся, апусціў вшавата ўніз вочы, узяў са стала тоўстую кнігу і стаў паспешліва гартаць яе.
«Калі невідушчы невідушчага...» — нагадаў я. Калі сюды патрапяць агенты пільнасці, абавязкова знойдуць гэтую забароненую кнігу, і пачнецца следства: што за людзі, чаго сабраліся, адкуль у іх гэтая кніга.
— Давайце схаваем Святое пісьмо, — звярнуўся я да чалавека, падобнага на Хрыста. — Хай у нас будзе сяброўская пагулянка. Гэта не выкліча падазрэнняў у тых, хто гоніцца за мною.
— Хай будзе так, — згадзіўся са мной «Хрыстос»: — Баста, — рэзка ўскрыкнуў ён.
Той, хто хаваў віно, дастаў з-пад стала бутэльку, злосна зірнуў на мяне. Астатнія скідвалі з твараў маскі, выслабаняліся ад плашчоў. I ўбачыў я перад сабою людзей, апранутых у форму старшынь дэпартаментаў. «Хрыстос»: калматыя бровы над шклянымі нежывымі вачыма, друзлы маршчыністы твар кітайскага бажка, каўпак блазна на галаве. Увесь ягоны мундзір быў абвешаны медалямі і значкамі: «Выдатны выспявала», «Пераможца марафону», «Ударнік». Дык гэта ж старшыня дэпартамента. Адкуль ён тут? Я азірнуўся на чалавека, які хаваў віно, і аслупянеў... перада мною сядзеў Прэзідэнт. Ягоная тэлегенічная ўсмешка нібы казала: «Я ж папярэджваў цябе». Побач з ім запіхваў у рот гурок мажны барадаты мужчына, ягоны мясісты нос, як чырвоны ліхтар, палымнеў у паўзмроку; гарматным ядром красавалася буйная лысая галава. За ім, разваліўшыся на лаве i склаўшы рукі на грудзях, з цікавасцю пазіраў на мяне праз пенснэ нейкі незнаёмец. За імі ў акружэнні двух чалавек незадаволена бухаў кулаком па стале, аж скакалі міскі і шкляніцы, і крычаў: «Я ім пакажу кузькіну маці» нехта хударлявы з маленькімі вусамі пад доўгім храшчаватым носам. «Відовішчаў і хлеба. А будзе хлеб—будуць і спевы», —казаў хударляваму той, хто сядзеў леваруч. «Ніякіх паслабленняў», — казаў той, хто сядзеў праваруч. За імі ўбачыў чалавека, які абыякава да ўсяго, што дзеялася побач, дыміў трубкай. Каля яго, абхапіўшы рукамі галаву, паставіўшы локці на стол, сядзеў нейкі стары. Ён не пазіраў на мяне, нібы палохаўся сустрэцца са мною позіркам. Ля дзвярэй, шырока расставіўшы ногі і заклаўшы рукі назад, стаялі з нерухомымі тварамі супрацоўнікі Прэзідэнта. Усё гэта было, нечакана для мяне, што я так нічога не разумеў. Якім чынам гэтыя людзі сабраліся разам? Што яны тут робяць? Прэзідэнт па шкляніцах разліваў віно. Цурчэла чырвоная вадкасць. Калі віно было разліта, падняўся старшыня, трымаючы шкляніцу ў руках.
— Дарагія таварышы, — пачаў ён нетаропка, — сябры і паплечнікі, асабіста наш паважаны госць, у гэты гістарычны момант я, як вялікі міратворца i чалавекалюбца, падымаю свой тост за нябачаны росквіт...
Ён так i не закончыў. У гэты момант у пакой з крыкамі ўварваліся агенты пільнасці.
— Дзе ён? Дзе ён?—закрычалі яны. — Дзе ён?
Прэзідэнт пераможна ўсміхнуўся і паказаў пальцам на мяне. Старшыня паспешліва цугліў са шкляніцы віно — гэта было апошняе, што я ўбачыў тут. Агенты пільнасці схапілі мяне за рукі, заламалі іх за спіну і вывелі за дзверы. Следам выбег Прэзідэнт.