Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) - Грэм Грин
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Я ўсё гэта ведаю, - сказаў Грунлiх, i другая выкручаная шруба, бразнуўшы, звалiлася на падлогу. - Гатова.
- Вам бы лепей застацца тут, - сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал.
- Я не магу: мой сябар чакае мяне там, на шашы.
- Гатова, - паўтарыў Грунлiх, злосна пазiраючы на iх.
Усе трое скупiлiся каля дзвярэй.
- Калi пачнецца стралянiна, бяжыце зiгзагамi, - параiў доктар Цынер.
Грунлiх штуршком адчынiў дзверы, i вецер пачаў замятаць снег. Знадворку было святлей, чым у зале. Лямпа начальнiка станцыi на тым баку чыгункi асвятляла ў акне постаць вартаўнiка. Грунлiх першы нырнуў у завiруху. Ён прыгнуў галаву амаль да каленяў i скокнуў наперад, нiбыта мяч. Астатнiя пабеглi за iм. Бегчы было нялёгка. Вецер i снег, iх ворагi, аб'ядналiся, каб загнаць iх назад: вецер запавольваў iх бег, а снег сляпiў вочы. Корал цяжка ўздыхнула: яна наткнулася на грувасткую высокую чыгунную калону з хобатам, як у слана, што служыла для падачы вады ў паравозы. Грунлiх ужо быў далёка наперадзе, доктар Цынер крыху адставаў. Яна чула, як цяжка ён дыхае. Снег заглушаў iх крокi, але яны не адважвалiся гукнуць шафёра аўтамабiля.
Перш чым Грунлiх дабег да праходу памiж будынкамi, бразнулi дзверы, нехта закрычаў, грымнуў стрэл. Першы рывок Грунлiха адабраў у яго шмат сiлы. Адлегласць памiж iм i Корал паменшылася. Вартаўнiк стрэлiў двойчы, i Корал пачула свiст куль высока над галавой. Яна яшчэ падумала, можа, ён наўмысна страляе вышэй iх. Яшчэ нейкiх секунд дзесяць, i яны забягуць за рог, знiкнуць з вачэй вартаўнiка, i тады iх заўважаць з машыны. Яна пачула, як iзноў адчынiлiся дзверы, куля трапiла ў снег непадалёк ад яе, i яна з апошняе сiлы паскорыла свой бег. Дзяўчына была ўжо амаль побач з Грунлiхам, калi яны дабеглi на рог. Доктар Цынер ускрыкнуў ззаду, i Корал спярша падумала была, што ён яе падбадзёрвае, але, перш чым абагнуць рог, яна азiрнулася i ўбачыла, што ён абедзвюма рукамi трымаецца за сцяну. Яна прыпынiлася i паклiкала: "Гер Грунлiх!" - але той, не звяртаючы на яе ўвагi, завярнуў за рог i знiк з вачэй.
- Бяжыце далей! - загадаў доктар Цынер.
Святло, якое ззяла на гарызонце, меней зацягнутым хмарамi, патухла.
- Абапрыцеся на маю руку, - прапанавала яна.
Доктар паслухаўся, але ён быў надта цяжкi для яе, хоць i спрабаваў дапамагчы ёй, трымаючыся другой рукой за сцяну. Яны дабралiся да рага. За сотню метраў скрозь iмжу i снег мiгцелi заднiя агнi машыны. Корал спынiлася.
- Не магу болей, - сказала яна.
Ён нiчога не адказаў, але калi яна адняла руку, ён саслiзнуў на снег. Некалькi секунд яна разважала: можа, праўда, пакiнуць яго тут? Яна пераконвала сябе: ён жа не пашкадаваў бы яе, не чакаў бы яе. Але ж ёй не пагражала такая вялiкая небяспека, як яму. Яна нахiлiлася над iм, глянула ў яго збялелы маршчынiсты твар i ўбачыла на яго вусах кроў. Пачулiся галасы, i яна зразумела, што ў яе няма часу прыняць рашэнне. Доктар Цынер сядзеў, прыхiнуўшыся спiной да драўляных дзвярэй, зачыненых на засаўку. Яна ўцягнула яго ўсярэдзiну i зноў зачынiла дзверы, але не рызыкнула засунуць засаўку на месца. Нехта прабег мiма, непадалёк шумеў рухавiк машыны. Потым машына забурчала мацней, i, аддаляючыся, бурчанне перайшло ў ледзьве чутны шоргат. Пуня была без вокнаў. Зрабiлася зусiм цёмна, i пакiдаць доктара цяпер ужо было позна.
Яна пашнарыла ў яго ў кiшэнях i знайшла пачак запалак. У адным кутку пунi было складзена нешта амаль на палову яе вышынi. Чыркнуўшы другой запалкай, яна ўбачыла напханыя нечым мяхi, нагрувашчаныя ў два рады да вышынi двайнога чалавечага росту. У правай кiшэнi доктара Цынера яна знайшла газету. Яна адарвала старонку i скруцiла яе, - цяпер святла хапала, i яна змагла адцягнуць доктара ў куток пунi. Яна баялася, што ў любы момант вартаўнiк можа адчынiць дзверы. Але доктар Цынер быў надта цяжкi. Яна паднесла запалены скрут да яго вачэй, каб паглядзець, цi не страцiў ён прытомнасцi, - з'едлiвы дым прывёў яго да памяцi. Ён расплюшчыў вочы i здзiўлена паглядзеў на яе.
- Я хачу схаваць вас сярод мяхоў, - шапнула яна.
Ён, здавалася, не зразумеў яе, i яна павольна i дакладна паўтарыла гэтыя словы.
- Ich sрrесhe kеin Еnglisch*, - сказаў ён.
* Я не размаўляю па-ангельску (ням.).
"Ох, чаму я яго не кiнула. Магла ўжо быць у машыне. Ён, напэўна, памiрае, зусiм нiчога не цямiць, не разумее, пра што я кажу". I яна жахнулася, што застанецца ў пунi сам-насам з мерцвяком. Агонь патух, яго знiшчыў попел. Седзячы на кукiшках, яна намацала газету, адарвала яшчэ старонку i зноў скруцiла яе. Яна забылася, куды паклала запалкi, i, поўзаючы, пачала шнарыць па падлозе вакол сябе. Доктар Цынер кашлянуў, i нешта заварушылася каля яе рук. Яна падумала, што гэта пацук, i ледзь не закрычала ад страху, але калi нарэшце знайшла запалкi i запалiла скрут, дык убачыла - гэта шавелiцца доктар. Ён зiгзагамi адпаўзаў у канец пунi. Яна паспрабавала дапамагчы яму, але ён, вiдаць, не заўважаў яе прысутнасцi. Пад час гэтага маруднага перасоўвання доктара па падлозе яна здзiўлялася, чаму нiхто не заглянуў у пуню.
Доктар Цынер зусiм знясiлеў, пакуль дапоўз да мяхоў. Ён уткнуўся ў iх тварам, з рота ў яго цякла кроў. Iзноў уся адказнасць лягла на яе. Яна падумала, цi не памiрае ён, i, амаль у самае вуха, спытала:
- Паклiкаць каго на дапамогу?
Яна баялася, што ён адкажа па-нямецку, але на гэты раз ён прамовiў зусiм ясна:
- Не, не трэба.
"Зрэшты, ён жа доктар, ён павiнен усё ведаць", - падумала яна.
- Чым я магу вам дапамагчы?
Ён пахiтаў галавой i заплюшчыў вочы. Кроў ужо не лiлася, i ёй здалося, што яму палепшала. Яна сцягнула мяхi з верху i пачала майстраваць нешта накшталт пячоры дастатковай велiчынi, каб схаваць iх абаiх - яе i доктара, i нагрувасцiла мяхоў каля ўвахода - так, каб ад дзвярэй нельга было iх убачыць. Мяхi са збожжам былi важкiя, i Корал не паспела закончыць працы, калi знадворку пачулiся галасы. Яна ўлезла ў нару, скрыжаваўшы пальцы на шчасце. Дзверы адчынiлiся, i лiхтарык асвятлiў мяхi над яе галавой. Потым дзверы зачынiлiся, i ў пунi зноў запанавала цiшыня. Яна доўга не магла набрацца духу, каб закончыць сваю працу.
- Мы спазняемся на цягнiк, - сказаў Майет, гледзячы, як шафёр марна круцiць ручку: старцёр не працаваў.
- Назад паедзем шпарчэй.
Нарэшце машына пачала прачынацца, забурчала, заснула i зноў прачнулася.
- Зараз паедзем, - сказаў шафёр, узлазячы на сядзенне i ўключыўшы фары. Але пакуль ён прымушаў рухавiк працаваць без перабояў, ззаду пачуўся нейкi воплеск.
- Што гэта? - спытаў Майет. Ён падумаў, што гэта выхлап машыны.
Потым воплеск паўтарыўся, а крыху пазней пачуўся iншы гук, нiбыта з бутэлькi вылецеў корак.
- Страляюць на станцыi, - сказаў шафёр, уключыўшы старцёр. Майет адпiхнуў яго руку.
- Мы пачакаем.
- Пачакаем? - здзiвiўся шафёр. - Гэта салдаты. Нам лепей як мага хутчэй выбрацца адгэтуль, - паспешлiва дадаў ён.
Ён i не падумаў нават, што i Майет болей за ўсё на свеце хацеў зрабiць тое самае. Майет спалохаўся: па тым, як да яго паставiлiся тыя салдаты, ён пазнаў той самы настрой, якi папярэднiчае заўсёды пагромам, - але ён усё-такi ўпарцiўся, бо не быў поўнасцю перакананы, што зрабiў усё магчымае, каб знайсцi дзяўчыну ў Субоцiцы.
- Яны наблiжаюцца да нас, - сказаў шафёр.
Нехта бег па дарозе са станцыi. Спачатку снегапад хаваў яго ад iх. Потым яны ўбачылi, як да машыны зiгзагамi бяжыць чалавек. Ён дабег да iх вельмi хутка. Маленькi i тоўсты, ён учапiўся за дзверцы, спрабуючы ўлезцi ў машыну.
- Што здарылася? - спытаў у яго Майет.
У незнаёмага крышку заплятаўся язык.
- Едзьце адгэтуль як мага хутчэй.
Дзверцы заела, ён перавалiўся цераз верх i, задыхаючыся, плюхнуўся на задняе сядзенне.
- Там хто-небудзь яшчэ застаўся? - спытаў Майет. - Вы адзiн?
- Так, так, зусiм адзiн. Едзьце адгэтуль як найхутчэй.
Майет павярнуўся i паспрабаваў разглядзець яго твар.
- А дзяўчыны там не было?
- Не. Нiякай дзяўчыны я там не бачыў.
Недзе каля станцыйных будынкаў пачуўся стрэл, i куля зачапiла крыло аўтамабiля. Шафёр, не чакаючы загаду, рэзка нацiснуў нагой на педаль, i машына рванула з месца. Яна рыкашэтам пераскоквала па шашы з адной ямы ў другую. Майет iзноў пачаў углядацца ў твар незнаёмага.
- Вы ехалi ў Стамбульскiм экспрэсе?
Чалавек кiўнуў.
- I вы не сустракалi нiякай дзяўчыны на станцыi?
Той раптам разгаварыўся:
- Я раскажу вам усё, што там здарылася.
Гаворка ў яго была цьмяная: шмат якiя фразы заглушала гудзенне машыны. Ён расказаў, што яго затрымалi, бо ён не прад'явiў мытнiкам нейкiя карункi; салдаты здзекавалiся з яго i нават усчалi стралянiну, калi ён уцёк ад iх.
- I вы не бачылi нiякай дзяўчыны?
- Не. Не было там дзяўчыны.
Вочы яго абсалютна шчыра адказалi на пiльны погляд Майета. Трэба было б доўга ўглядацца яму ў вочы, каб знайсцi ў iх непранiкальнай глыбiнi проблiск злосцi, агеньчык хiтрасцi.
Хоць драўляныя сцены дрыжалi ад ветру, у цёмнай пунi без акон сярод мяхоў было цёпла. Доктар Цынер варочаўся з боку на бок, iмкнучыся пазбавiцца ад болю ў грудзях, але ён пакутаваў увесь час. Толькi ў той момант, калi ён паварочваўся, яму рабiлася крыху лягчэй. Калi ён ляжаў нерухома, боль вяртаўся. Таму ўсю ноч ён бесперапынна круцiўся. Часам ён усведамляў, што на дварэ вецер, i прымаў шоргат снегу за шамаценне галькi на марскiм узбярэжжы. У такiя хвiлiны, лежачы ў цёмнай пунi, ён успамiнаў гады выгнання i пачынаў скланяць нямецкiя назоўнiкi цi спрагаць французскiя няправiльныя дзеясловы. Аднак яго прага барацьбы аслабела, i, замест таго каб упарта i злосна змагацца супраць пакут, ён плакаў.