Цана прароцтваў (на белорусском языке) - Михась Тычина
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
К.Чорны ў гады вайны выношваў маштабныя творчыя задумы. Разумеючы, што здзейснiць iх ён ужо не можа, пiсьменнiк канспектыўна абазначыў свае iдэi ў "Дзённiку", у незавершаных творах, планах, накiдах. У аповесцi "Заўтрашнi дзень" (1944) ён адкрыта гаворыць пра дачыненнi памiж людзьмi ў перадваенны час, калi ў краiне ўсталявалася сталiнская дыктатура i яе апарат нагляду i здзеку. Гэта, бадай, адзiны выпадак мужнага выяўлення гуманiстычнай пазiцыi пiсьменнiка на ўвесь былы Савецкi Саюз. Пiсьменнiк, не баючыся помсты з боку карных органаў, сказаў усё, што думаў пра злачынны рэжым "дурняў i брахуноў", даносчыкаў, вiжоў, карнiкаў, якi нiшчыў нацыянальную культуру, растаптаў мiльёны чалавечых надзей, светлых дум, лепшых лятункаў. Кузьма Чорны ў сваiх творчых памкненнях i развагах знаходзiўся на сучасным яму эўрапейскiм узроўнi i адпавядаў самым высокiм патрабаванням эпохi. Цi не пра гэты сусветны мастацкi ўзровень марыў ён некалi ў пачатку сваёй творчасцi, марыў разам з сябрамi-аднадумцамi "ўзвышаўцамi"!
Уласнай творчасцю Чорны засведчыў, што на самай справе iснуе беларуская лiтаратура, беларускi стыль, беларуская жанравасць, багатая лiтаратурная мова, на якой льга выказаць тое, што яшчэ не выказалi пiсьменнiкi-гуманiсты на iншых мовах свету. Выдатны майстар слова падрыхтаваў глебу для прыходу i плённай працы таго самага "трэцяга пакалення", пра якое так шмат думаў i дбаў.
* * *
Кожны сапраўдны пiсьменнiк марыць пра сваю Галоўную Кнiгу, у якой змог бы выказацца напоўнiцу. Кузьма Чорны знаходзiўся на падыходзе да гэтай кнiгi. Бо што такое для празаiка, тым больш эпiчнага таленту, 44 пражытых гады жыцця? Мiж тым менавiта ў гэтым узросце Леў Талстой завяршыў эпапею "Вайна i мiр", а Джэймс Джойс апублiкаваў раман "Улiс". Рукапiсы апошнiх гадоў жыцця Чорнага выразна сведчаць, больш таго, крыкам крычаць пра тое, што празаiк стаяў на парозе самых вялiкiх сваiх мастацкiх i фiласофскiх адкрыццяў.
Вядома, Чорны застаўся б Чорным, класiкам нацыянальнай лiтаратуры i тады, калi б лiчыўся аўтарам толькi рамана "Зямля" альбо "Бацькаўшчына". Тым не менш i ў яго ёсць мастацкiя творы, у якiх талент пiсьменнiка выявiўся асаблiва ўражлiва i глыбока, выявiўся ў сваёй "рэальнай шматграннасцi i фiласофскiм адзiнстве", калi карыстацца ў дадзеным выпадку словамi самога Чорнага. З усяго невычэрпнага багацця чорнаўскай творчасцi мы паспрабавалi зрабiць пэўны адбор - гэта апавяданнi, аповесцi, раманы, дзённiк, асобныя артыкулы розных перыядаў, якiя i сёння гучаць надзвычай надзённа, а ў сукупнасцi ствараюць стэрэаскапiчны творчы партрэт выдатнага празаiка.
Аўтографы празаiка захоўваюцца ў сямейным архiве пiсьменнiка, а таксама ў Дзяржаўным архiве-музеi лiтаратуры i мастацтва (ДАМЛiМ, ф. 52. Страхавыя мiкрафiльмы. воп. 1, адз. зах. 1-76).
Асноўнай тэксталагiчнай крынiцай пры складаннi аднатомнiка паслужыў найбольш поўны i найбольш дакладна вывераны Збор твораў Кузьмы Чорнага ў 8-i тамах (1972-1975). Што да "Дзённiка" празаiка, то ён публiкуецца па часопiсе "Полымя" (1988, № 4), дзе ўпершыню прадстаўлены ў аўтэнтычным выглядзе.
Каментар да яго склалi М.Тычына i Я.Янушкевiч; да астатнiх раздзелаў М.Тычына.
У каментарнай частцы дзённiка выкарыстаны заўвагi i парады Янкi Брыля, Валянцiны Гапавай, Генадзя Кiсялёва, Арсена Лiса, Уладзiмiра Ляхоўскага, Рыгора Рэлеса, Анатоля Сабалеўскага, Фрыды Фiнкель.