Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Детективы и Триллеры » Детектив » Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке) - Костас Варналис

Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке) - Костас Варналис

Читать онлайн Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке) - Костас Варналис

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9
Перейти на страницу:

4. I вось калi мяне пачало мучыць падазрэнне, што я думаю няправiльна i што розум мой пачынае здаваць, ваш анёл-хавальнiк мацней зацягнуў папругу на штанах, расправiў скрыдлы i прыляцеў, скрыгочучы зубамi. Акыш! Але я зноў не супакоiўся. Ледзь толькi ён адляцеў, як мяне пачаў грызцi другi шашаль: раскаянне за тое зло, што я прычынiў i сваiм сучаснiкам, i нашчадкам i якое будзе кiраваць светам несправядлiвасцi i хлуснi. Я пакутаваў i ўдзень i ўначы. Трэба было неадкладна выпраўляць зло. I вось што я зрабiў бы, калi б вы не паспелi мяне забiць".

У яго перасохла ў горле. Ён папрасiў вады, але дзе было ўзяць шклянку i ваду? Нейкi жартаўнiк выгукнуў: "Выпi ваду з клепсiдры, каб хутчэй скончыць!" Рогат i шум. Шмат з тых, хто спаў, падхапiлiся з незадаволеным выглядам i пачалi бурчаць. Iншыя паднялiся i знакамi папрасiлi вяшчальнiка сказаць, колькi вады засталося ў гадзiннiку. Вяшчальнiк нахiлiўся над пасудзiнай, а потым падняў правую руку i правёў два-тры разы вялiкiм пальцам па другiм суставе ўказальнага пальца. Сакрат пракаўтнуў слiну i працягваў.

5. За ўсё тое, чаму я вас навучыў, вы павiнны былi б азалацiць мяне i акружыць пашанай. За тое, што я зрабiў бы, калi б жыў, вы б павiнны былi не толькi забiць мяне, i мелi б рацыю, але i жыўцом стаўчы ў ступе, як стаўчэ тыран Неарх Зянона Элеацкага - каб той навучыўся выкладаць дабрачыннасць, так цi iнакш, але трымаць язык за зубамi наконт бесчалавечнасцi валадароў. Вам давялося б адрэзаць мне язык, як цар Анцiпатр адрэжа язык рытару Гiперыду, каб той засвоiў урок, што можна прадаваць Радзiму, але нельга лаяць чужынца-пакупнiка. Я сапраўды быў небяспечны для грамадскага парадку, для панавання "мацнейшых". Выкiньце мой труп як падалей, куды-небудзь у затоку цi ў якi-небудзь яр Кiферону - "хай не будзе прах яго ў зямлi атыцкай". Не iснуе большай подласцi i здрады, чым казаць праўду.

6. Я б пайшоў у кварталы простага люду ў Афiнах, у смярдзючыя вёскi Атыкi ад Кавакалонiса да Кундуры i ад Кулуры да Капандрыцi. Я б сышоў у цёмныя хацiны, поўныя блашчыц i сухотаў, я б пайшоў у дробязныя лаўкi бядноты, я пайшоў бы ў брудныя i смуродныя партовыя вугальныя сховiшчы. I я б сказаў: "Вольныя грамадзяне! Гэтая зямля - нават калi б яна была ў Скiфii, дзе рэдка выглядае сонца з-за чорных хмараў i не растаюць вечныя снягi - то i тады б яна была лепшая за ўсе iншыя, бо яна любая вашаму сэрцу. Гэта - радзiма. Ваша радзiма, але ў ёй няма нiчога вашага: палi i палацы, караблi i грошы, багi i ўлада, думкi i воля - усё чужое. Мала хто з вас мае даволi месца, каб прытулiцца пры жыццi цi быць пахаваным пасля смерцi, цi дастаткова волi, каб справiць патрэбў ў канаве, калi вас не бачыць жандар. Калi ж вы кiнеце вокам на сiняе мора, дзе плаваюць караблi i фрэгаты, везучы ад вусця Нiла i Басфора Кiмерыйскага, i ад Гераклавых слупоў збожжа, медзь, шоўк i жанчын, вы ганарыцеся iмi, як сваiмi, бо гэта ж "нацыянальнае". I нiхто не хоча задумацца пра тое, што ўсе гэтыя даброты збiраюцца ў руках адзiнак. Персы, спартанцы, фiванцы i карынфцы, гэтыя чужынцы, забiваюць вас толькi адзiн раз, а вось братнiя рукi перацiскаюць вам глотку ўсё жыццё i забiваюць вас штодня. Наўкола не толькi няма нiчога вашага, але i самi вы, i душы вашыя належаць iншым.

7. Потым я пайшоў бы ў Пантэлейскiя каменяломнi, у капальнi Даскалiё i Лаўрыё, на суднаверфi Пiрэя, на фабрыкi, што выпускаюць ваенны рыштунак, - да рабоў. Я б сышоў у трумы караблёў, дзе тысячы згорбленых весляроў (сiвыя валасы, iлбы, заклеймаваныя напаленым жалезам) мерна грымяць сваiмi ланцугамi i ўскрыкваюць пад ударамi бiзуна, калi iм надараецца страцiць прытомнасць ад стомы. Я пайшоў бы ў вялiкiя маёнткi, як у Алкiвiяда ў Кувары, дзе аруць камянiстую зямлю ў адной запрэжцы, з валамi i валяць дубы знясiленыя рабы. Я пайшоў бы ў Акропаль, у Рамнунту, у Кудуру, у Кавакалонас, дзе яны ўзводзяць сваiмi рукамi да высокага неба мармуровыя калосы вашага духу - Парфеноны. Я б iм сказаў:

8. Фракiйцы, азiяты, афрыканцы i скiфы! Грэкi! Служкi, лёкаi, наглядчыкi, педагогi i iншы зброд! Утрыманкi з жаночай паловы дома i свяшчэнныя прастытуткi, што служаць багам i людзям! Рабы дзяржаўныя i нявольнiкi прыватных асоб! Бессаромная фiласофiя вучыць, што вы ад нараджэння рабы. Але нi багi, нi прырода не загадалi, каб семя вашых бацькоў спарадзiла вас такiмi. Доля зрабiла вас рабамi, а звычка канчаткова замацавала тое. Вы сталi рабамi, каб мы былi вольныя. Падымiце вашыя галовы i зiрнiце ў веснавое неба. Вы забылiся на яго блакiтны колер. Гэтаксама i на вашай радзiме смяюцца берагi i ззяюць пад сонцам палеткi. Калiсьцi i вы былi вольнымi i несправядлiвымi, а тут вы зрабiлiся рабамi i пакрыўджанымi... вы цi вашы продкi, цi ж не ўсё роўна? Вас - пераважная большасць. Усведамiце сваю сiлу i яднанцеся з пакрыўджанымi вольнымi. Уздымiце толькi свае малаты, сярпы, сякеры, кайданы i ўся рэспублiка "высакародных" рассыплецца ў пыл. Забярыце ў iх усе даброты i прымусьце працаваць за кавалак хлеба. "А мы будзем сядзець склаўшы рукi", адказалi б мне некаторыя, навучаныя поўзаць на жываце перад моцнымi, як рабы, i выпускаць вантробы ў слабых. "Не! - закрычаў бы я. - Працаваць будзеце i яны, i вы. Супольная праца, супольная воля!" - "На чорта нам такая воля! Не! Не трэба!" - "Не хвалюйцеся. Як надыдзе тая гадзiна, вас прымусам зробяць людзьмi, каб вы - хочаш не хочаш - выратавалi сваё цела, душу i дух". - "Дык хто ж прымусiць нас?" - зноў закрычалi б яны. "Скiфы".

Нечы грымотны голас узвiўся раптоўна, як ракета: "Скончылася вада!" Суддзi з неверагоднай хуткасцю паўскоквалi i з крыкамi, з лаянкай, штурхаючыся, пабеглi да выхаду. Гэта быў не пажар i не землятрус. Яны беглi, штурхаючыся, налягаючы адзiн на аднаго, каб паспець першым у касу i атрымаць свой заробак. Нават вяшчальнiкi рынулiся да выхаду па тое ж самае, пакiнуўшы Сакрата аднаго на трыбуне з горкай усмешкай на вуснах. А ён, са сваiм заўсёдным спакоем на душы i на твары, сыходзячы з трыбуны, папрасiў Платона, якi стаяў тут жа, зусiм збянтэжаны, правесцi яго да вязнiцы. "Не ведаю, бедны мой сябра, нi дзе яна знаходзiцца, нi па якой дарозе туды iсцi".

1 2 3 4 5 6 7 8 9
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке) - Костас Варналис.
Комментарии