Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Разная литература » Прочее » Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт

Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт

Читать онлайн Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 33
Перейти на страницу:

— Аляксей Сцяпапавіч,— казытнула свавольная думка. -- Няўжо і праўда вы ніколечкі не шкадуеце, што не будзеце старшынёю? Толькі шчыра?

Кунцэвіч паглядзеў на яго дапытліва і трохі паблажліва, адчувалася, ён не зусім разумее прычыну раптоўнай перамены Лазовікавага настрою.

— Хм! А чаго мне шкадаваць? — Усміхнуўся хітра.— Што меў ад гэтага старшынства? Hi дня, ні ночы спакою, вечную згрызоту, дзеці ад рук паадбіваліся і дзве вымовы па партыйнай лініі...— і, вытрымаўшы паўзу, з тою ж хітрасцю дадаў: — Ты ж помніш: адну — за кукурузу, другую — за сянаж...

«От стары хітрун! — усміхнуўся Лазовік.— Быццам нехта і паверыць, што яму не даюць спакою тыя дзве даўнія вымовы, якія даўным-даўно ўжо зняты. Бы і праўда, што ён больш за ўсё жадаў спакойнага жыцця! Не-е, Аляксей Сцяпанавіч, колькі б ні кляў ты свой лес, а іншага і сам не пажадаў бы. Так што расказвай свае казачкі каму-небудзь. Хто-хто, а я наскрозь бачу, чаго варта тваё бурчание...»

— Во так, браце мой, Іване! Два «страгачы» — гэта не дзве цукерачкі...— і, мусіць, заўважыўшы Лазовікаў недавер, перамяніў тон: — А цікава, браце мой, палучаецца... Нават смешна палучаецца: гэта я, злосны траваполыпчык, стаў заядлым кукурузнікам! — Ён заводзіў размову ўбок, і Лазовік рашыў не перашкаджаць яму.— Тады на радасці пазводзілі яе, гэтую «каралеву палёў», а я сабе сею і сею. Летась пяцьдзесят гектараў было. Ажно дзіва: і земляў лепшых не выбіраем, і камісіі з рулеткамі не ездзяць, а расце, як лес. — Падумаў, усміхнуўся: — Мусіць, яна, гэтая «каралева палёў», браце мой, у іншым дужа далікатная — прымусу не любіць... А хто, зрэшты, калі разабрацца, той прымус любіць! Ніхто... Пад прымусам — што ўбіў, тое і ўехаў, і ўсё роўна далёка не заедзеш...— Зноў задумаўся, усміхнуўся сам сабе.— Хоць, халера ж яго ведае: бывае, што і без прымусу далёка не паедзеш... Мне некалі за сянаж вымову ўляпілі. Падурэлі, думаў, дзе ж гэта хто бачыў, каб сырую траву ў яму класці! Гэта усё роўна, што ў магілу корм завярнуць. Да вучоных людзей, як ведаеш, я з павагай стаўлюся, а тут падумаў, што і ад вялікай вучонасці, бывае, некага заносіць. Хоць забі, не верыў, думаў, які новы загіб-выкрунтас. А цяперака паспрабуй хто скажы, што трава не ўлежыць!

— То вы за прымус ці супроць прымусу? — падкузьміў Лазовік.

— Прымус прымусу розніца, браце мой! — не схацеў прымаць яго тону Кунцэвіч.— Ты спачатку дакажы, пераканай — тады і прымушаць не спатрэбіцца. Добры гаспадар за ўсё вартае дзвюма рукамі ўчэпіцца, прыкіне, што к чаму. А не хоча дзвюма рукамі чапляцца, лянуецца мазгаўніцай варушыць — гані такога паганаю мятлою! Во для чаго, пa-мойму, і тваё ўпраўленне існуе, а не для таго, каб камандаваць: сей столькі працэнтаў, сей сёння, а не заўтра. Вас, браце мой, было, трохі асадзілі, а цяпер зноў берацеся за сваё. Я даўно-о, браце мой, хацеў цябе раскрытыкаваць за гэта, то во якраз слухай напаследак. Скажы, няўжо вам з раёна лепей відно, дзе, калі, як і колькі сеяць? А на добры розум, ты мне павінен сказаць так: прадавай жыта столькі, мяса, малака — столькі, а я ўжо сам буду мазгавешкай варушыць, як сеяць, што сеяць, калі сеяць, каб прадаць усё, чаго ад мяне патрабуюць. А калі не прадам, спытай па ўсёй строгасці: ты чаму, сукін сын, даведзенага плана не выконваеш? I гані пад паганую мятлу, калі што. А то што ж гэта палучаецца, браце мой? На якую ж трасцу старшыня, аграномы, заатэхнікі, інжынеры, брыгадзіры ў калгасе, калі ўпраўленне ўсім камандуе?

Зайшла Алена Пятроўна, і Лазовік узрадаваўся яе прыходу — не трэба будзе адказваць на няпростае Кунцэвічава пытанне, хоць, канечне, адказаць на яго і не так ужо складана: стары глядзіць на свет толькі са сваёй званіцы, а са сваёй званіцы ўсяго свету не ўбачыці, як бы не глядзеў.

— Ну, як вы тут? — дала знаць пра сябе гаспадыня.— Мо падрэзаць ці падаць яшчэ чаго?

— Ой, што вы, цётка Алёна! — шчыра запратэставаў Лазовік.— Ды тут можна цэлае вяселле накарміць! Пасядзіце з намі...

Кунцэвіч зыркнуў на яе незадаволена, даючы зразумець, каб не перашкаджала, не мела звычкі назаляць, калі мужчыны вядуць сур’ёзную гаворку,— да такіх размоў, якая завязалася зараз, нават пры жонцы ён дужа не ахвотнік.

— Ага, Ляксей, каб не забыцца: тут з канторы прыбягала Хведарава дзеўчына сказаць, што з райкома званілі, клічуць цябе заўтра на дванаццаць да Радзевіча.— Алена Пятроўна паглядзела заклапочана, нават падазрона.— Чаго гэта ты спатрэбіўся кожны дзень?

— Мала чаго! — незадаволена буркну ў Кунцэвіч...

6

Яшчэ з вечара ад хаты да хаты ў Забор’і папаўзлі трывожныя чуткі, а раніцай пра аб’яднанне калгасаў гаварыла ўся вёска. I праўду кажуць: калі хочаш даведацца, што робіцца ў тваёй вёсцы,— пайдзі распытай у суседняй. Звестку пра аб’яднанне прынесла з Піліпавіч (у яе там дачка замужам) Тэкля Канцавая. Тэклю ведалі як бабу не языкатую, таму вестку прынялі з даверам. Прыгадалі, што, мусіць, не выпадкова ўчора Кунцэвіча выклікалі ў раён і яго адтуль прывёз на сваім легкавіку былы аграном Лазовік, які цяпер ходзіць у вялікіх начальніках. Аднекуль прасачылася, што і сёння Кунцэвіча паклікалі ў райком. Канечне ж, гэта не проста так...

Словам, розных здагадак і меркаванняў было больш чым трэба, вёска гула, як растрывожаны вулей. Болей за ўсё трывожыла, палохала, што старшынёю можа быць і, пэўна, будзе Сурміла. Хто паціху, хто ў поўны голас пра Сурмілу расказвалі розныя жахі — ніхто пра яго добрага слова не чуў.

— Не выберам — і ўсё! — запальчыва і самаўпэўнена гаварыў кожнаму аграном Валодзька Бакун — Ананасаў сын.— Няма такога права, каб сілком уперлі!

За яго словамі была быццам і праўда, аднак мала хто верыў, што можна не выбраць старшынёю таго, каго скажуць з раёна — не чуваць было, каб такое дзе-небудзь здарылася, хоць старшынь у суседніх калгасах мянялі нямала. I каб гэта гаварыў хто-небудзь іншы, сталы чалавек, а не Валодзька, то мо і можна было б паверыць. Валодзька каго хочаш, нават бацьку роднага, здольны падвесці пад дурнога хату. У Забор’і яшчэ не забыліся пра яго колішнія фокусы з папом...

Пасля дзесяцігодкі Валодзька нікуды не паступаў і ў калгас не пайшоў, а паехаў шукаць рамантыку недзе на цаліну. Вярнуўся ў Забор’е аж праз чатыры гады, пацішэлы, з доўгаю грывай. I адразу ж, на здзіўленне ўсім, зачасціў да мясцовага папа. Сыдуцца, сядуць на лаве пад грушаю ў папоўскім садзе і пра нешта гавораць дапазна.

— Што табе, прыяцеляў мала?! Знайшоў таварыша! — аж збялеў Апанас.— Каб нагі больш там не было! Людзі смяюцца!

— А мне з ім цікава пра жыццё-быццё пагаманіць...— загадкава адказваў Валодзька.

— Я т-табе дам «цікава»! — накідваўся з кулакамі бацька.

Тым не менш, не дзейнічала. Сталі пагаворваць: калі ўжо не вучыцца, то, мусіць, збіраецца вучыцца Апанасаў хлопец на папа — хлеба лёгкага захацеў. Валодзька не пацвярджаў, але і не абвяргаў гэтых чутак. Потым аднойчы зайшоў у кантору да Кунцэвіча і папрасіў выдаць яму даведку.

— А навошта яна табе? — насцярожыўся той.

— У акадэмію збіраюся.

— У якую акадэмію?

— У маскоўскую...

— Не-е, браце мой, ніякай спраўкі я табе даваць не буду! Ты ў нас не працуеш — і ніякай спраўкі не палучыш,— занерваваўся Кунцэвіч.— Пайдзі, мо поп дасць! Хай поп табе дае спраўку! I гэта ж трэба! Так абсароміць бацьку, увесь калгас абсароміць!

— Што ж, не даеце — воля ваша...— сціпла сказаў Валодзька і, не пажадаўшы слухаць, выйшаў за дзверы.

Назаўтра ён некуды знік, сказаўшы бацьку, каб не хваляваўся: маўляў, пажартаваў, ні ў якую духоўную акадэмію паступаць не збіраецца. Праз месяц напісаў з цаліны, а праз год — даў знаць пра сябе з Масквы: так і так, вучуся ў акадэміі. Разнерваваны, разгневаны Апанас назаўтра ж узяў білет на цягнік з намерам сілком прыцягнуць назад шалапутнага сына. Валодзьку знайшоў у Ціміразеўскай сельгасакадэміі, аднак цяпер ужо ў вёсцы не асабліва хацелі верыць Апанасу. I толькі калі на лета прыехаў сам Валодзька ды з сабою прывёз сябрука ні то з казахаў, ні то з узбекаў, перасталі сумнявацца, зразумелі, што Валодзька корчыў дурня.

— Дык чаго ж ты, сукін кот, мне мазгі марочыў?! — напаў на яго Кунцэвіч.

— А вы ж мне не далі даведку,— зарагатаў Валодзька.

— Цьфу, блазен! — не ведаў, злаваць ці смяяцца, Кунцэвіч.

На дзіва, ён быу выдатнікам, пасля заканчэння акадэміі ледзь не пакінулі ў Маскве, аднак упрасіўся дадому. Кунцэвіч прыняў яго без ахвоты — уважыў Апанаса. Праўда, ён трохі пасталеў, набраўся розуму, але ўсё роуна таго і глядзі выкіне якую штучку-дручку. Таму і ця­пер да яго слоў ставіліся з падазрэннем.

Высветлілася, праўда, што не ўсе занепакоены і затрывожаны магчымым Сурмілавым прыходам. Знайтліся ворагі і ў Кунцэвіча. Першы аб’явіўся інжынер Алег Касьянаў.

— Даўно пара! — хмыкнуў ён, шукаючы падтрымкі ў механізатараў.— Хоць тэхніку будзем мець, як людзі...

— Што ты гаворыш, Сяргеевіч? — здзіўлена глянуў Зміцер Гаварушка.— Што, у нас тэхнікі мала?

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 33
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Шануй імя сваё - Валянцін Блакіт.
Комментарии