Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Разная литература » Прочее » Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты - Барыс Пятровіч

Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты - Барыс Пятровіч

Читать онлайн Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты - Барыс Пятровіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9
Перейти на страницу:

Дзяўчына нібыта нічога не заўважыла. Яна схілілася да валізкі, што стаяла ў праходзе побач з крэслам і нешта хацела дастаць... Ножкі яе разьехаліся… Не-не-е… Стах адвярнуўся да вакна, унурыўся ў яго, прымусіў сябе супакоіцца: “Нічога ня здарылася… Нічога ня здарылася…” Менск заканчваўся. Паўз дарогу бег слаба асьветлены “спальны” раён з аднолькавымі дзевяціпавярховікамі і рэдкімі тралейбусамі… Аднак цела ягонае памятала той салодкі дотык, хварэла ім і прагнула новага…

Дзяўчына дастала з сумкі кнігу – гэтым разам расейскую, адгарнула закладзеную старонку: нікога з ёю побач не было, яна адная раскашавала ў крэсьле, не зважаючы на цень хлопца справа. Між імі – маладымі, яшчэ неспатоленымі дарослымі забаўкамі – было ўсяго некалькі сантыметраў, якія аўтобус, пагойдваючыся на выбоінах, ператвараў у міліметры…

2б.

Стахава вёсачка была маленькая, згубленая ў лесе на поўдні Беларусі. Да школы, крамы, сельсавету, шасейкі – да цывілізацыі ўвогуле – шэсьць кіламетраў старым, густа зарослым маладняком лесам па сьцяжыне, што блукала ўздоўж разьбітай грузавымі машынамі дарогі, па якой на легкавіку не праедзеш і ў сухмень. А ўжо ў дажджы, калі глыбокія яміны рабіліся лужынамі-азёрамі, даехаць можна было хіба на гусенічным трактары. Шэсьць кіламетраў – роўна гадзіна хады пешкам, дваццаць хвілінаў язды на веласіпедзе, дзесяць – на матацыкле. Ня так і далёка, калі падумаць, не такая і вялікая па сёньняшнім часе плата за раскошу жыць сярод дзікай, нечапанай прыроды.

Стаху пашанцавала: вёсачка была не зусім паміраючай, стаяла ў ёй дзясяткі два жывых хатаў, і ў палове з іх былі дзеці – найменш двое-трое, а ў адной – васьмёра. Гулялі яны звычайна разам, амаль у цэнтры вёскі, там каля калодзежа мелася пашырэньне: на месцы, дзе некалі стаяла цэркаўка, потым – хата-чытальня, потым – клуб, спалены партызанамі, каб не дастаўся ворагам, цяпер была пустэча, пасярод стаптаная дзецьмі да току, а па краёх зарослая высокаю густою травою і лапушыньнем, кустамі і дробнымі дрэўцамі: акацыяй, грушамі-дзічкамі – калючымі ды злоснымі.

Колькі Стах памятае сябе – яго заўсёды хвалявалі дзяўчынкі. І жанчыны ўвогуле. Здаецца, ён і нарадзіўся з гэтым непакоем. І ня толькі ён... Суседскі, гадоў на пяць старэйшы і на той час, пра які Стах згадвае, самы вялікі хлопец у іх кампаніі – Сёмка, якога ўсе, і браты, і бацькі, і свае, і чужыя, клікалі па мянушцы Гец, таксама жыў толькі гэтым хваляваньнем, і ў хлопцаў, якія зьбіраліся разам на пустцы, іншых размоваў не было, апроч як пра такія мары. “Эх, вось вырасту, ажанюся, — казаў Гец, лежачы пад дзічкай і задумліва-мройліва гледзячы ў высокае бясхмарнае неба, — ох і папакачаюся тады з жонкаю ў ложку, ох і папакачаюся...” Пры гэтым ён церабіў свой немалы ўжо стручок, які рос на вачах і выклікаў зайздрасьць і захапленьне ў малечы. Потым Гец пачынаў вучыць малых няхітрай навуцы, як атрымаць найбольшае задавальненьне...

Аднойчы застаў яго за гэтым бацька і злупцаваў пругкім дубцом калючай акацыі да крыві.

Сёмка-Гец… Вечны двоечнік і прагульшчык урокаў у школе, ён, здавалася, мог гаварыць толькі пра дзяўчат, пра тое, як бы якую злавіць дзе ў кукурузе, у лесе, у калгасным садзе... Твар ягоны расплываўся ў сьлінявай усьмешцы і рука, засунутая ў штаны, пачынала механічна ўжо не дрыжэць, а вібраваць... Ён урэшце і сеў у турму гадоў у сямнаццаць за спробу згвалтаваньня.

Вядома, былі ў вёсцы і дзяўчынкі. Аднак яны нібыта ад пачатку разумелі, што – іншыя, і трымаліся асобна.

Ды іх таксама цягнула да хлопцаў і часта яны наладжвалі супольныя гульні – у “бабу-рабу-цап”, у “квача”, у “хованкі”... Падчас гэтых гульняў Сёмка-Гец толькі тым і займаўся, што стараўся ўшчыпнуць, ціскануць, “памацаць” тую ці іншую. Дзяўчаты пішчэлі, білі па руках, але з гульні не выходзілі, з чаго хлопцы рабілі выснову, што ім гэта падабаецца. Вечарамі, калі цямнела, меншыя дзеці ішлі дамоў, а старэйшыя заставаліся. Што рабілі яны, у якія гульні гулялі, Стах даведаўся, калі падрос.

...Маленькая вёсачка... Маленькая вёсачка... Цэлы сьвет у мініяцюры. Увесь сьвет у мініяцюры. Бо ці бывае ўвогуле вялікім тое, што вакол нас? Горад-мегаполіс і той сьціскаецца, звужаецца да свайго раёну, вуліцы, двара... да свайго мікракосму, у якім ёсьць мейсца толькі бацькам, родным, знаёмым, сябрам, сяброўкам... І ў вялізным сяле альбо ў аграмадным горадзе іх роўна столькі ж, колькі ў маленькай вёсачцы. І яны такія ж самыя. Недзе хітрэйшыя, а недзе больш наіўна-шчырыя ў сваіх пачуцьцях і ўчынках, але – такія ж...

Абсалютна.

2в.

Адзінокімі не становяцца, адзінокімі нараджаюцца.

Адзіноты шукаюць найчасьцей ня людзі, якім абрыдла быць навідавоку, якія стаміліся ад шуму і тлуму, а людзі глыбока адзінокія.

Адзінокі чалавек ня йдзе да людзей – на рынак, у краму, у кіно – а наадварот пазьбягае людных месцаў.

Людзі такія непадобныя між сабою: тое, што камфортна аднаму – раздражняе другога.

Хемінгуэй, каб пісаць, ішоў з друкаркаю ў бар і там пад віскі з содавай выстукваў чарговы аповед.

Гофман абклеіў чорнаю паперай увесь пакой, заткнуў усе дзіркі, каб пісаць у поўнай цішыні.

Адзінота – каму лёгкія крылы, а каму цяжкія кайданы, каму агідная зьмяя, а каму ласкавая котка. І наадварот: каму ласкавая зьмяя, цяжкія крылы...

Можна пачуваць сябе адзінокім пасярод пчалінага гулу і мітусьні вялізнага рынку, а можна не заўважаць адзіноты ў пустым доме на востраве за тысячу кіламетраў ад бліжэйшага жытла.

Самая страшная адзінота ў вясковай жанчыны, у якой рана памёр муж.

Мужчыну цяжка быць адзінокім нават у самай глухой вёсачцы, калі ня хворы, ён і там ня згубіцца, знойдзецца, яго абавязкова камусьці параяць.

Абсалютна адзінокіх людзей няма. У Рабінзона быў папугай, пакуль не зьявіўся Пятніца.

Увогуле – ніколі ня бойцеся адзіноты: яна недасягальная.

Імкненьне да адзіноты ёсьць імкненьнем да пачуцьця адзіноты. І толькі.

Тэрмін “адзінота” – самы абстрактны з усіх канкрэтных і самы канкрэтны з усіх абстрактных.

У адзіноты няма твару, але заўсёды ёсьць гаспадар, які носіць яе ў сабе і ня ведае, што ён раб. Забярыце ў яго адзіноту і што застанецца ад яго?

“Усё сваё жыцьцё мы не набываем сяброў, а толькі страчваем іх”. Мы ня цэнім іх, пакуль яны побач, і пачынаем разумець, што яны значылі для нас, толькі калі яны далёка, альбо іх ужо няма.

Па сваёй натуры чалавек – істота статкавая. Маўглі губляюць сваю чалавецкасьць за некалькі гадоў і так ніколі потым яе і не набываюць.

Шчасьце і адзінота – несумяшчальныя. Адзінокі можа быць шчасьлівым толькі калі ня ведае, што недзе ёсьць іншыя людзі.

Хрыстос у пустэльні ня быў адзінокім.

Адам у раі да зьяўленьня Евы ня быў адзінокім. Што ёсьць адзінота, Ён зразумеў не тады, калі Яна зьявілася, а калі Яна на хвілю зьнікла з вачэй.

Адзінота і ёсьць пекла на зямлі.

Адзінота – шырокая рака, што паўстае раптам на тваім шляху і не абыйсьці яе, не пераплыць. Застаецца толькі чакаць Харона, які перавязе цябе на другі бераг.

Якім жа адзінокім будзе апошні чалавек на планеце Зямля!

3a.

Дзяўчына чытала нейкі раман. Нібыта ўважліва. Стаха ж па-ранейшаму, нат краем вока, не заўважала. Мо і ня бачыла зусім? Не, як хутка ён, аказваецца, забыўся – падышоўшы да яго, яна спынілася і спытала: “Тут сямнаццатае месца?” Прыгожым танклявым і разам крыху грудным (мо яшчэ не астылым ад нядаўняе жарсьці разьвітаньня) голасам спытала і сьлізганула па ім кароткім і вопытным (так-так, вопытным – Стах гэта адразу адчуў) поглядам. Імгненна ацаніла, ня ўтойваючы сваёй цікаўнасьці, ён нават уціснуўся глыбей у крэсла пад гэтым рэнтгенаўскім позіркам, дачакалася маўклівага кіўка галавой, і паставіла сумку каля крэсла. Стах злавіў сябе на тым, што ўвесь гэты час, як зачараваны, як заяц, загіпнатызаваны рухамі зьмяі, ня можа адвесьці вачэй ад дзяўчыны, а яна, заклапочаная хіба тым, што пад вакном стаіць яе каханы, спакойна села і падняла разьвітальна маленькую далоньку...

Стах адкінуў сьпінку крэсла, разьняволіўся, бы сабраўся спаць. Але і ня бачачы дзяўчыну, адчуваў яе блізкасьць. Ён хутка стаміўся паўляжаць гэтак. Яму было нязручна, бо ўсё цела напятае, бо ўсім левым бокам ён лавіў прысутнасьць дзяўчыны. Яму стала горача. Ён адарваў сьпіну ад крэсла, сеў, стамлёна паклаўшы рукі на калені, потым вырашыў зьняць пінжак. Зьняў і адчуў, што ў аўтобусе прахалодна, нават холадна. Стала лягчэй. Бакавым зрокам згледзеў, што і дзяўчына неўпрыкмет, цішком назірае за ім. Быццам чытае, аднак... Стах яшчэ раз прыкінуў, як спакусьліва-далёка аголеныя яе ногі: спаднічка, калі дзяўчына села, зрабілася яшчэ карацейшай. Кароткая спадніца – мода. Ды і лета на двары – сярэдзіна чэрвеня. Дзяўчына, пэўна, была старэйшая за яго. Гады на два. Ня болей. І прыгожая... Стах пераканаўся ў гэтым яшчэ раз. Русявыя валасы да плячэй, вялікія вочы, крыху выцягнуты твар, сьвежая-сьвежая скура – нібы ня вечар на вуліцы, ня ноч. Маленькае вушка – дзіцячае проста. Бачыў Стах яе ў профіль і яму неймаверна моцна захацелася пацалаваць яе ў крыху прыўзьняты, бы ва ўсьмешцы Моны Лізы, куточак пульхных вуснаў. Пульхных – разагрэтых нядаўнімі пацалункамі – вуснаў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты - Барыс Пятровіч.
Комментарии