Жоўтая музыка - Надзея Артымовіч
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Паэзія — гэта падарожжа. У глыб сябе. Пяро паэта — скальпель, які спрабуе дакладна зняць першую скуру паэта. Але ніводзін скальпель не з’яўляецца дасканалай прыладай. Гладкая скура з цяжкасцю паддаецца зняццю. Даходзіць часам да цяжкіх калецтваў, парэзаў і ран, якія вельмі марудна гояцца. Ніякіх лекаў ты не можаш ужыць, таму што калецтвы павінны прывесці да самавыздараўлення. Але працэс самавыздараўлення часта ачышчае скуру паэта ад паэзіятворчых бактэрый.
Паэзія — гэта вольнасць. Паэзія нараджаецца ў самотнасці. Паэзія — гэта ўцёкі ад самотнасці і адначасна доўгае падарожжа да самотнасці. Кожная самотнасць вялікая.
Паэзія — музыка з дакладнай партытуры. Часта стаўлю сабе пытанне — ці не фальшую ўласную партытуру, што ўпісана ўва мне. Ці пераказваю хоць бы асноўныя ноты гэтай партытуры?
Сапраўдная паэзія — інтэлектуальная (і не толькі) інтэлектуальная правакацыя. Правакуе прыгожае. Чаму так мала людзей цягнецца да вершаў? Чалавек не любіць быць справакаваным. Сапраўдная паэзія (мастацтва) змушае чытача да адмаўлення ад беззаганнага самавобраза, заснаванага на гэтак званай жыццёвай філасофіі. Таму, напрыклад, творы Роберта Музіля ставяць чытача ў вельмі складаныя і нязручныя сітуацыі.
Сапраўдны паэт павінен быць вельмі моцна ўключаны ў чалавечую какафонію, але адначасна павінен стаяць па-за рэчаіснасцю.
Паэзія — гэта музыка, гэта прыгожае. Яна называе, замацоўвае свой час. А гэта і ёсць прыгожае.У творчасці паэта ёсць адзін важны верш. Усе астатнія вершы з’яўляюцца фонам, ценем, у якім паэт схаваны. Незаўсёды творца ўсведамляе значэнне тых схованак.
Сапраўдная паэзія — гармонія. Гармонія, дасканаласць. І таму так цяжка паддаецца аналізу і ці гэта магчымае? На якім слове пачынаецца верш, на якім слове верш скончыцца? Пра гэта ведае толькі паэт (аўтар). Але гэта не выключае іншых варыянтаў прачытання вершаў чытачамі. Аўтарскія лагічныя акцэнты ў вершы глыбока прыхаваны.
Напісанне аўтарам гэтак званай творчай біяграфіі дае няшмат або нічога не дае для высвятлення найважнейшых аспектаў яго творчасці. У гэтым пытанні нічога нельга растлумачыць, высветліць.
У сваёй паэзіі спрабую пераказаць уласную іерархію вартасцяў, не заўсёды наўпрост. Імкнуся гэта зрабіць празрыстым, ясным, простым спосабам.
Паэзія не толькі тое, што напісана. Жыццё таксама бывае паэзіяй...
(1991 — 2005)