Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Читать онлайн Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 69
Перейти на страницу:

Успомнiўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровiч паглядзеў на сына, шырока ўсмiхнуўся i сказаў:

- Вiтаем цябе, Зямля Славянiя.

I пакланiўся ў пояс лiпам, дубам, двухпавярховаму каменнадраўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару.

Iх сустрэў робат-вартаўнiк па iменi Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывiтаннi доўгую жалезную руку, сцiснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета.

- Усё спакойна, Дулеб? - спытаў Клён. Робат зiрнуў на падлетка, зiрнуў, падалося, з вясёлай хiтрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнiк абавязаны размаўляць з дарослымi, паўнапраўнымi грамадзянамi Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. I таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая:

- У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другiм паверсе, у кабiнеце, у тры гадзiны ночы рыпеў паркет.

- Цi не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзiў прывiд? - iранiчна перапынiў яго Клён.

Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовiў:

- Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзiны ночы i дзве хвiлiны, насупраць акна, якое маецца ў кабiнеце, мной заўважаны з боку двара празрыстабелы шар дыяметрам у тры метры дваццаць сантыметраў. Ён бясшумна падплываў да акна. Ярка свяцiў месяц, i часам шар як бы знiкаў з поля зроку, пэўна, раствараючыся ў месячных промнях.

- Ты i нагаворыш, Дулеб. Кiнь палохаць, - зноў умяшаўся Клён, але голас ужо быў трохi цiшэйшы, не такi звонкi.

- Гэта быў КЛА*, - цвёрда сказаў Дулеб. - У Школе Робатаў я вывучаў iх. Маецца пяць класаў, адзiнаццаць падкласаў, светлая i цёмная афарбоўка, трыццаць тры вiды канфiгурацыi. Бурдзугалараф, якi прылятаў на Зямлю ў 1999 годзе, быў камандзiрам самага прымiтыўнага КЛА. Ён...

* КЛА - Касмiчны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА - Неапазнаны лятаючы аб'ект.

- Хопiць-хопiць, - перапынiў робата Гай. - Усе мы ведаем, што ты самы разумны, самы iнфармаваны.

Ад такiх слоў гаспадара шчокi ў Дулеба - два адпалiраваныя да бляску пукатыя металiчныя кружочкi - ярка запунсавелiся. Робаты вельмi любяць, калi iх хваляць.

- Глядзi, не пусцi слязу, - пстрыкнуў робату пальцамi ў самы лоб Клён.

Дулеб iранiчна i горда зiрнуў на яго, нiчога не сказаў. I было ў позiрку, у павароце галавы нешта дужа падобнае на позiрк аравiйскага вярблюда.

- Не крыўдуй! - крыкнуў яму, узбягаючы на веранду дома, Дубровiч-малодшы i зноў не стрымаўся: - Усе кажуць, што ты самы мудры робат. Адкажы, што азначае тваё iмя?

- Дулебы, саюз усходнеславянскiх плямёнаў на тэрыторыi Заходняй Валынi. У VII стагоддзi апынулiся пад уладай авараў, або обраў. З X стагоддзя ў складзе Кiеўскай Русi пад iмем бужан i валынян, - бадзёра адрапартаваў робат.

- Ну, ты й даеш, - захоплена прысвiснуў Клён.

Бацька i сын спачатку распранулiся i паплавалi ў басейне, сценкi якога былi абкладзены рознакаляровымi керамiчнымi плiткамi. Вада пахла бярозавым лiсцем, навальнiчным дажджом. Скура ў Дубровiчаў была асляпляльна белая, бо мода на загар, прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, даўно прайшла людзi пазбягалi пякучых сонечных прамянёў. Абцёрлiся калянымi рушнiкамi i ў прасторных iльняных кашулях i ў такiх жа штанах пайшлi распальваць камiн. Ён быў зроблены ў выглядзе магутнага чырвонацаглянага зубра, што, падкурчыўшы ногi i раскрыўшы пашчу, ляжаў каля глухой сцяны вялiкай залы. Неўзабаве ў гэтай пашчы радасна заскакала полымя. Клён кiдаў туды сухiя паленцы, кавалачкi антрацыту. Потым сын i бацька, глянуўшы адзiн на аднаго, адначасова кiнулi ў агонь жоўтыя шарыкi пахучай смалы. Пачуўся лёгкi трэск.

- Мой шарык спадабаўся прашчуру, i ён узяў яго, - радасна сказаў Клён, убачыўшы, як некалькi кропель блiскучай смалы ўпалi на чорны, круглай формы камень, умураваны ў под камiна. Такi рытуал дайшоў да iх, людзей ХХIII стагоддзя, з сiвой даўнiны. Некалi чалавек, назаўсёды адыходзячы ў далёкi чужы край, браў з сабою камень з роднага ачага i клаў яго ў новы ачаг. Камень гэткi называўся прашчурам.

- Аб чым ты зараз падумаў? - цiха спытаў у бацькi сын, бо ў такiя iмгненнi, калi вочы пазiралi на агонь, на камень-прашчур, а ў агнi згарала смала, задумвалася патаемнае жаданне.

- Хачу, каб мы ўсе былi шчаслiвыя: наша мама, ты i я, - пранiкнёна сказаў Гай Дубровiч.

Вялiкая Эра Плюралiзму навучыла зямлян мудрай i, як усё мудрае, простай iсцiне: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага, узятага паасобку, чалавека. I яшчэ: не можа быць шчаслiвай i вялiкай краiна, у якой жыве ў няшчасцi маленькi чалавек.

- А ты аб чым падумаў? - у сваю чаргу, спытаў бацька ў сына.

- Я вельмi хачу, каб да цябе не прыйшоў Вялiкi Жах, - адказаў Клён, i вочы ўспыхнулi.

- Вось ты пра што, - узняўся з крэсла Гай. - А я нават забыўся пра вiзiт гэтага спадара. Хаця не, не забыўся, памятаў, але не першай памяццю. Не хвалюйся, сынок. Гэтакае бывае ў кожнага мужчыны. I ў цябе некалi будзе. А хiба разумна баяцца непазбежнага? Хваляванне, вядома, ёсць. Прыкладна так людзi даўнейшых стагоддзяў хвалявалiся, заходзячы ў кабiнет да стаматолага. Былi ўрачы такой спецыяльнасцi, якiя лячылi людзям зубы i нават вырывалi iх спецыяльнымi абцугамi. Зараз, дзякуй Богу i навуцы, мы не ведаем, што такое зубны боль. А раней - ого-го!

Ён зморшчыўся, надзьмуў шчаку, схапiўся за яе рукою, застагнаў, i Клён не вытрымаў, засмяяўся. Не верылася, што такая дробязь, як зуб, мог калiсьцi прыносiць чалавецтву столькi пакутаў.

Камiн патух. Толькi на прашчуры ярка блiскаў маленькi вугольчык. Святло не запальвалi, i ў цемры, што пакрысе наплывала з усiх бакоў, гэты зiхоткi вугольчык здаваўся мудрым пранiзлiвым вокам, якое праз вечнасць пiльна пазiрае на iх, бацьку i сына. Хацелася размаўляць шэптам, i яны так i рабiлi.

Потым паглядзелi вячэрнi выпуск тэленавiнаў. Вярнулася шматгадовая касмiчная экспедыцыя з ваколiц зоркi Праксiма Кентаўра, што з усiх зорак сама блiжэй размешчана да Сонца. Касмадэсантнiкi, i памiж iх тры жанчыны, усе ў белым, выходзiлi з карабля, махалi рукамi, смяялiся i, сышоўшы па трапу, станавiлiся на каленi, цалавалi зямлю... У Бiскайскiм залiве бушаваў жорсткi шторм. Вадзяныя касматыя горы атакавалi маленькую рыбалоўную шхуну. Адтуль неслася "SОS"... Выступаў кiраўнiк Мiжнароднага Ўпраўлення па барацьбе з мухай цэ-цэ, дзябёлы шыракалобы мужчына. Трэба было нешта гаварыць, а думак i слоў малавата, i ён цягнуў штохвiлiнна: "Э-э-э...", толькi каб не маўчаць.

- Кожнае слова ватай абкладвае, - сказаў, зморшчыўшыся, Гай сыну. Выключы. А ў Бiблii ж напiсана: "Словы мудрых - як iголкi i як увабiтыя цвiкi".

- Зараз не будзе нi iголак, нi цвiкоў, - весела прамовiў Клён i выключыў тэлевiзар.

Насоўвалася ноч. Было чутно, як на двары, вакол дома, трывожна бегае вецер. Бацька з сынам сцiшылiся. Яны думалi, кожны, вядома, па-свойму, аб адным. Яны думалi аб Вялiкiм Жаху.

Няма i не было чалавека, якi б не ведаў, што такое страх. Самы найхрабрэйшы з герояў мог кiдацца на коп'i, амбразуры з кулямётамi, са святою песняй узыходзiць на вогнiшча, смеючыся iсцi па канаце, нацягнутым мiж высачэзнымi небаскробамi, i ўздрыгваць, нiбы заяц, ад слабага гуку, якi ў глухiм лесе раптоўна раздаваўся за ягонай спiной. Летучы з дрэва, ударалася аб зямлю яловая спелая шышка, а ў чалавека ад неспадзеўкi падкошвалiся ногi i цямнела ўваччу. Колькi на планеце людзей, столькi й страхаў. Ды, несумненна, значна больш. Самы галоўны для ўсiх жывых - страх смерцi, магiлы. А ёсць жа страх болю i хваробы, страх цемры i вышынi, страх беднасцi i здрады... Адзiн баiцца патаўсцець, палысець, кашлянуць пад час сiмфанiчнага канцэрта, калi натхнёна i светла салiруе скрыпка. Другi баiцца глянуць у вочы начальству. Кожнага, як кажуць, свая пiла пiлуе. За тысячагоддзi зямной гiсторыi столькi набралася страхаў, дэпрэсiй i стрэсаў, столькi енкаў i крыкаў, што ўсё гэта, у рэшце рэшт, не магло не аб'яднацца, не злiцца ў адну субстанцыю, iмя якой - Вялiкi Жах. Людзi Вялiкай Эры Плюралiзму ўпершыню, твар у твар, сутыкнулiся з iм гадоў сто назад, калi ён пачаў атакаваць Зямлю з Дальняга Космасу. Размовы аб д'яблах, аб начных прывiдах i злых духах, аб палтэргейсце, у час якога самi сабою лёталi цяжкiя хатнiя рэчы, выстрэльвалiся, як кулi, са сваiх гнёздаў электрычныя пробкi i пагрозлiва крычалi сцены, зрабiлiся, на жаль, суровай рэальнасцю. Калi ўдумацца, унiкнуць глыбей, то нiчога асаблiва ненатуральнага ва ўсiм гэтым няма. Ёсць усеагульны закон захавання матэрыi i руху, закон захавання энергii. Нiшто не знiкае, у тым лiку i жыццё. Што робiцца з фiзiчнай сiлай, з духам тых людзей, якiя памiраюць? Яны адлятаюць да верхнiх рубяжоў Дальняга Космасу, там канцэнтрыруюцца, перагрупоўваюцца, каб у выглядзе розных вiдаў энергii (маланак, сонечнага ветру) зноў вярнуцца на Зямлю. Адсюль, з гэтага вызваленага палёту, пачынаюцца ўсе рэлiгii, вера ва ўзнясенне пасля смерцi на нябёсы. I таксама адсюль "труба", якую бачаць, праз якую са страшэннай iмклiвасцю iмчацца тыя, хто пераступае парог клiнiчнай смерцi. Ведаючы пра закон захавання энергii, няцяжка перакiнуць масток да закону захавання эмоцый, як станоўчых, так i адмоўных. Яны не знiкаюць, а зноў жа назапашваюцца каля верхнiх рубяжоў Дальняга Космасу, прычым адмоўныя трымаюцца ў раёне чорных дзiрак. Нездарма чалавецтва яшчэ ў дагамераўскiя часы было ўпэўнена ў iснаваннi Светлых i Цёмных Сiл, якiя кiруюць лёсам людзей. Грэчаскiя, а за iмi нямецкiя фiлосафы спачатку асцярожна, а потым усё настойлiвей пачалi падмяняць паняцце Бог паняццем Абсалютнага Розуму. Але толькi навуковая думка Вялiкай Эры Плюралiзму прыйшла да цвёрдай высновы, што ўвесь бачны i нябачны Сусвет ёсць не што iншае, як... Адзiны Мозг. Наша Галактыка, у якой дробненькiм зярняткам згубiлася планета Зямля, клетка гэтага Мозгу i знаходзiцца ў ягоным левым паўшар'i. Чалавечы мозг - зменшаная копiя Адзiнага Мозгу. Плямы i ўспышкi на Сонцы, каметы i метэарытныя дажджы, паўночныя ззяннi i нечуваныя ўраганы усё гэта паверхневыя праяўленнi эмацыянальнай дзейнасцi Адзiнага Мозгу. У глыбiню, у самы патаемны асяродак гэтай дзейнасцi чалавецтва не пранiкла i, бадай, нiколi не пранiкне, бо мозг не можа зразумець самога сябе, няма люстэрка, у якiм бы ён убачыў сябе збоку.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 69
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко.
Комментарии