Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Нажнiцы звонка ўпалi на падлогу, i гэты рэзкi ляскотны гук нiбы разбудзiў Гая Дубровiча. Ён уздрыгнуў, хуценька памкнуўся да дзвярэй.
- Не адчыняйце, спадар Гай! - закрычаў з першага паверха Дулеб. Толькi не адчыняйце! Я сазванiўся з горадам, i праз некалькi хвiлiн прыбудзе дапамога! Гэтыя пачвары падманваюць вас! Не адчы...
Пачулiся гукi барацьбы, валтузнi, потым нешта глуха гоцнулася на падлогу, пэўна, Дулеб.
Гай прыляпiўся да вочка ў дзвярах, адначасова адчыняючы дзверы. Падалося, што сынаў голас прыдушаны, ненатуральны. Ён убачыў Клёна перакошаны твар, спалоханыя нерухомыя вочы. На правай руцэ ўжо павiсла агiдная безвалосая пачвара.
Гай рэзка расчынiў дзверы. Не дай, неба, нiводнаму бацьку ўбачыць тое, што ён убачыў. На падлозе фоталабараторыi, паблазенску прысядаючы i прытанцоўваючы, выцiраючы насоўкай кроў з зялёных шасцiпалых рук, стаяла высачэзная агiдзiна з ружовай, як у нованароджанага дзiцяцi, скурай. У яе быў Клёнаў твар, але перад тым як страцiць прытомнасць, Гай Дубровiч зразумеў: гэтыя пачвары забiлi сына, забiлi Клёна, злупiлi ў яго з галавы скуру i адзiн з iх адзеў яе, як маску, на свой твар...
- Навошта? - толькi й сказаў Гай i страцiў прытомнасць.
АБ ЧЫМ ГАВАРЫЛI ШАРАВЫЯ МАЛАНКI
IV
На цэнтральным пульце кiравання Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа, якi знаходзiўся ў Татрах на гары Герлахаўскi-Шцiт, дзяжурыла чарговая змена стрэсаператараў. На гэты раз за паказаннямi прыбораў сачылi Карл Гакенхольц i Радаслаў Буслейка. Яны сядзелi на крэслах-вяртушках у прасторнай ярка асветленай кабiне без вокнаў. Канструктары i будаўнiкi Стрэсографа наўмысна не прарэзалi ў кабiне нiводнай шчылiнкi, каб таго, хто заступаў на дзяжурства, не магла адарваць ад выканання службовага абавязку цудоўная навакольная прырода. А краявiды былi тут, у паднябессi, невераемна прыгожыя. Горы, лясы, воблакi, рухомыя ценi ад воблакаў на iскрыстым срэбным снезе. Калi ж начное неба густа засявалi кропкi зорак i белыя вяршынi гор рабiлiся рафiнадна-сiнiмi, чалавечае сэрца поўнiлася шчымлiвай радасцю, бо толькi праз немiтуслiвую прыгажосць прыроды можна гутарыць з вечнасцю i хоць трошкi зразумець яе. Але ў стрэсаператары iшлi людзi несентыментальныя, цвёрдыя, з ясньга адчуваннем сваёй задачы. Задача ж была якi ўжо год адна - папярэдзiць насельнiцтва аб магчымых глабальных атаках Старой Цывiлiзацыi. Стрэсограф, калi апусцiць усе не самыя iстотныя дэталi, быў заснаваны на тым жа прынцыпе, што i сейсмограф, прынцыпе фiксавання ўдарных хваль. Ламаў гранiтнае нутро планеты землятрус, i на тысячы кiламетраў ад эпiцэнтра бегла ўдарная хваля, прадчуваючы якую, выпаўзалi з глыбокiх нораў змеi, бязладна мiтусiлiся каля мурашнiкаў, як не вар'яцелi, мурашкi. Рознiца была ў тым, што стрэсограф фiксаваў ударныя паветраныя хвалi. Адмоўна зараджаная эмацыянальная энергiя, непамерна накоплiваючыся ў адным месцы, не магла не зрушыць сваiм цяжарам крохкiя паветраныя слаi. Нездарма белетрысты мiнулых часоў, асаблiва майстры дэтэктыўнага жанру, любiлi пiсаць: "Ва ўсiм наваколлi была разлiта трывога". Вось гэту трывогу, гэты крык аб пагрозе i аб дапамозе чуйна лавiлi антэны, экраны i камп'ютэры Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа. Дарэчы, на ўсiм зямным шары i ў Блiжнiм Космасе такiх стрэсографаў было недзе каля дваццацi.
Неабходна зазначыць, што Старая Цывiлiзацыя, загнаная ў кут, даўно рыхтавалася да свайго контрнаступлення. Летапiсы расказваюць пра масавыя самазабойствы хрысцiян напярэдаднi 1000 году. Людзi баялiся Страшнага суда, канца свету, прышэсця Антыхрыста i знiшчалi сябе i сваiх дзяцей. Але што гэта, як не магiльнае дыханне Старой Цывiлiзацыi? Вельмi часта, асаблiва ў XX стагоддзi, выкiдвалiся на акiянскiя водмелi i памiралi сотнi кiтоў, самых буйных млекакормячых планеты. Чаго толькi не навыдумлялi на гэты конт вучоныя. I што ў кiтоў парушаўся бiялагiчны компас, i што яны труцiлiся адыходамi прамысловай дзейнасцi чалавека, i што iхняе надта вузкае горла замуроўвалi рачкi, малюскi i водарасцi-паразiты. А гэта праводзiла эксперымент Старая Цывiлiзацыя, каб, набраўшыся вопыту, атакаваць, у рэшце рэшт, Чалавека.
Карл Гакенхольц i Радаслаў Буслейка, немец i беларус, былi вельмi не падобныя адзiн на аднаго. Карл маленькi, чарнавалосы, з велымi смуглай скурай, Радаслаў буйнацелы, высокi, шавялюра саламяна-жоўтая. Здавалася б, i тэмпераменты ў iх павiнны былi быць розныя, але абодва яны былi прыроднымi сангвiнiкамi, што падразумявае жвавасць, хуткую ўзбуджальнасць i лёгкую зменлiвасць эмоцый. Сёння ў стрэсаператараў пераважаў разважлiва-фiласафiчны настрой.
- Карл, ты чытаў "Кодэкс тыранаў" Арыстоцеля? - спытаў Буслейка.
- Чытаў, - кiўнуў галавой Карл.
- А можаш успомнiць, што там насачыняў вялiкi фiлосаф?
- Паспрабую, - нiколькi не здзiвiўшыся нечаканай просьбе (што толькi не прыйдзе ў галаву пад час доўгага дзяжурства?), згадзiўся Карл.
- Давай.
- Першая запаведзь: "Не дазваляць вылучацца дастойным. Нават караць смерцю". Другая: "Забаранiць сумесныя абеды". Гэта азначае, як я разумею, адмену свабоды сходаў. Трэцяя запаведзь: "Трымаць шпiёнаў". Чацвёртая: "Пастаянна абяцаць лепшае жыццё ў будучынi". Пятая: "Узводзiць грамадскiя збудаваннi, каб людзi былi заўсёды занятыя". I шостая, калi ў мяне яшчэ няма старэчага склерозу...
- "Весцi войны або рыхтавацца да iх, бо народ гэткiм чынам будзе мець патрэбу ў адзiнаўладным кiраўнiку", - хуценька кончыў за яго Радаслаў i засмяяўся. - Твой мозг, Карл, працуе яшчэ, як камп'ютэр.
- Дзякуй за камплiмент, - усмiхнуўся ў адказ Карл. - Але i ў цябе пакуль што мазгi - як гэта кажуць у вас, славян? Ага, успомнiў - не заржавелi.
Стрэсаператары сябравалi, бо немагчыма цэлыя месяцы сядзець побач у кабiне i не паспрабаваць зазiрнуць адзiн аднаму ў душу, тым болей што псiхолагi падбiралi на такую работу людзей кампанейскiх, сумясцiмых. Якiм шматслойным нi было б чалавечае жыццё, ёсць амаль у кожнага пункты, кропкi судакранання са сваiм суседам i з усiм чалавецтвам.
Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца яднала неадольная цiкавасць да гiсторыi рэлiгii. I сапраўды - што прымусiла першабытнага чалавека, а магчыма i першачалавека глянуць з цёмнай пячоры ў начное неба i ўбачыць там не толькi срэбную хмарку, не толькi яркую зорку - убачыць Бога? Страх перад незразумеласцю жыцця, перад маланкай i громам, перад дзiкiм зверам i смерцю? А цi не закладзена ў самой прыродзе чалавецтва рэлiгiйнасць, так, як у кожную зямную рэч закладзены вага, шчыльнасць, колер? Цi не з'яўляецца рэлiгiйнасць вiдавай прыкметай, асаблiвасцю чалавека, бо ў звяроў жа няма рэлiгii.
Радаслаў i Карл адчулi роднаснасць душ з той ранiцы, калi немец, пiльна сочачы за экранам стрэсографа, раптам прадэкламаваў:
- Цi ёсць у кветак бог? Цi моляцца яны?
- Як-як? - перапытаў Буслейка. Карл прадэкламаваў зноў.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});