Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасці - Ганна Соўсь
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Кітай жыве з камуністычнай ідэалёгіяй, але з буржуазнай эканомікай. Не кажу, што там усё добра, але ён ня тое што Расею абагнаў, але і Штаты даганяе.
Можа, цяпер ён пачаў трохі разумець. Жыцьцё прымушае. Але самае галоўнае для яго — не эканоміка. Самае галоўнае для яго і яго паплечнікаў — гэта ня людзі, не беларусы, пра якіх ён нібыта турбуецца. Для яго галоўнае — забясьпечыць сваю асабістую ўладу да канца жыцьця, а можа, яшчэ і дзецям аддаць. Гэта яго і прымушае нейкія крокі рабіць у бок рынкавай эканомікі, бо няма чым датаваць гэтую не зусім нармальную эканоміку, якая ў нас у Беларусі існуе.
Соўсь: Цяпер улады спрабуюць рознымі спосабамі падсілкаваць эканоміку, у тым ліку і ўказам аб дармаедах. Якое было б ваша першае рашэньне, калі б вам цяпер прапанавалі пасаду міністра працы?
Сасноў: У іншых абставінах, калі б я меў магчымасьць такое рашэньне прыняць, я б гэты ўказ пра дармаедаў ліквідаваў увогуле. Гэта поўнае глупства. Па-другое, зьняў бы ўсе дурасьці, якімі душаць прадпрымальніцтва, усё, што перашкаджае працаваць малому і сярэдняму бізнэсу. Потым трэба было б разьбірацца з тым «фамільным срэбрам» — вялікімі прадпрыемствамі «МАЗ», «БЕЛАЗ», «Гомсельмаш» ды іншымі, бо яны ўжо 25 гадоў таму павінны былі быць прададзеныя нейкаму інвэстару. Не кажу ўжо пра «Гарызонт». «Гарызонту» ж няма. А 25 гадоў таму яго хацелі ўзяць інвэстары з прасунутымі брэндамі, але нашы ўлады не разумелі, што будзе праз 25 гадоў. А ім казалі. Нават Шушкевічу казалі ўвесь час, што трэба было рабіць. Але ён думаў, што ён разумее і так.
Соўсь: Хто ваш асабісты герой незалежнасьці Беларусі?
Сасноў: Пазьняк.
Соўсь: Якая цяпер галоўная пагроза незалежнасьці Беларусі?
Сасноў: Улада, якая цяпер існуе ў Беларусі.
Мікола Статкевіч: У апэратара трэсьліся рукі, начальнік крычаў: «Вас усіх заб’юць сапёрнымі рыдлёўкамі»
Удзельнік цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» — палітык, былы кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень Мікола Статкевіч, які тройчы спазнаў зьняволеньне за свае палітычная перакананьні і актыўныя дзеяньні, адзін са стваральнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і адзін зь ініцыятараў першай беларускай вайсковай прысягі.
Ганна Соўсь: Спадар Мікола, у жніўні 1991-га на наступны дзень пасьля путчу вы публічна выступілі супраць ГКЧП. Тады яшчэ не было зразумела, чым усё скончыцца, яшчэ не было пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Калі вы прыгадваеце тыя лёсавызначальныя дні, што найперш стаіць перад вачыма?
Мікола Статкевіч: Я ўспамінаю вечар 20 жніўня, калі я ішоў да хаты і сказаў сабе: «Мабыць, у гэты дзень я зрабіў больш, чым было магчыма». Я быў шчасьлівы.
Соўсь: А калі вы згадваеце 25 жніўня, дзень наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу закону?..
Статкевіч: Гэта ўсё было вынікам. Путч сарваў падпісаньне новай саюзнай дамовы, а самае галоўнае, ліквідаваў цэнтральную ўладу ў СССР. Гарбачоў быў у пэўнай ступені зьняважаны арыштам, выглядаў слабым чалавекам, якога недзе трымалі, якога Ельцын ледзь не вызваліў. Па сутнасьці, путч разваліў СССР. Ня стала аўтарытэтнай цэнтральнай улады, усё астатняе — гэта вынікі.
Соўсь: За савецкім часам вам давялося служыць у Мурманскай вобласьці. Цяпер, у многім дзякуючы і вам таксама, беларускія вайскоўцы ня служаць за межамі радзімы. А як вы думаеце, ці мог бы Савецкі Саюз існаваць і цяпер? І кім бы быў Мікола Статкевіч у савецкай Беларусі?
Статкевіч: Усё магло застацца. Але я ня быў бы звычайным савецкім афіцэрам, таму што была галоснасьць, зьяўлялася альтэрнатыўная інфармацыя. Я і так пачуваў сябе беларусам, ведаў свае карані. Я нават на поўнач браў з сабой кнігі на беларускай мове... А так я быў пасьпяховым афіцэрам, вельмі кар’ерным. На момант путчу я быў палкоўнікам, быў дактарантам...
Соўсь: Але вы тады ўжо выйшлі з камуністычнай партыі на знак пратэсту супраць падзеяў у Вільні...
Статкевіч: Так. Але шляху назад не было. Калі б Савецкі Саюз захаваўся, калі б кампартыя захавалася, то восеньню 1991 году мяне б выгналі з войска...
Соўсь: І лёс палітвязьня вам таксама пагражаў?
Статкевіч: Пагражаў. Я ведаў такі варыянт і нават псыхалягічна рыхтаваўся да яго. Калі адбыўся ГКЧП, задачай-мінімум было зрабіць публічную акцыю для будучых пакаленьняў, каб гэта засталося ў гісторыі, каб гэта быў прыклад, унёсак у будучаю незалежнасьць, а задача-максымум — паспрабаваць перашкодзіць. І калі 19 жніўня ўначы не прыйшлі, не арыштавалі, я пераканаўся, што путч толькі ў Маскве, і трэба дзейнічаць як мага хутчэй.
Соўсь: Згадайце, як гэта было.
Статкевіч: Спачатку 19 жніўня ў доме-музэі Багдановіча сабралася кіраўніцтва ўсёй апазыцыі, лідэрам быў Беларускі народны фронт. Я заявіў, што трэба аб’яўляць ужо заўтра (а мы плянавалі гэта на восень) пра стварэньне беларускай вайсковай арганізацыі. Казаў, невядома, што будзе праз некалькі дзён, але гэты крок трэба зрабіць, бо гэта важны сымбалічны крок. У гэтай арганізацыі былі ў асноўным вайскоўцы запасу, якія былі ў розных партыях. 20 жніўня раніцай мы сустрэліся ў адной з аўдыторыяў БДУ. Ад БНФ былі Віктар Івашкевіч і Генадзь Банкевіч, былі вайскоўцы ад Сялянскай партыі, ад Сацыял-дэмакратычнай партыі — вайскоўцы запасу. Быў адзін кадравы маёр з вайсковай вучэльні, але калі ён пачуў пра нашы мэты, пачуў тэкст дэклярацыі, уцёк адтуль. Мы заявілі пра стварэньне Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і пра мэты — незалежнасьць і стварэньне беларускага войска. Таксама мы прынялі зварот да вайскоўцаў Беларускай вайсковай акругі з заклікам не выконваць загады ГКЧП і не страляць у людзей. Потым актывісты Свабодных прафсаюзаў, якія на той момант дзейнічалі і мелі поўныя магчымасьці, гэтыя звароты раздрукавалі і раздавалі іх каля КПП вайсковых частак. Мы наладзілі кантроль за перамяшчэньнем войскаў. Баяліся, што войскі пойдуць да Менску. Мы ведалі маршруты і асноўныя вайсковыя гарадкі і накіравалі туды сваіх людзей. Акрамя таго, я гэтыя дакумэнты агучыў на мітынгу на тады яшчэ плошчы Леніна. Гэта быў нешматлікі мітынг. Ужо на наступны дзень было шмат людзей, далей яшчэ больш і больш, а тады літаральна некалькі соцень чалавек прыйшло.
Я здолеў выступіць на беларускім радыё ў праграме, якую вёў Віталь Сямашка. Гэта была моладзевая музычная праграма. Ён прыйшоў у фракцыю БНФ у парлямэнце (я тады там знаходзіўся), і прапанаваў мне гэта. Я пагадзіўся, і мы паехалі на радыё на вуліцу Чырвоную і запісалі мой зварот. Тройчы яго запісвалі на магнітафонныя бабіны. У апэратара трэсьліся рукі, стужка рвалася. На трэці раз у мяне ўвогуле атрымалася дасканала. Бегаў нейкі начальнік мясцовы, крычаў: «Вас усіх заб’юць сапёрнымі рыдлёўкамі», бо ў той год быў выпадак, калі дэманстрацыю разганялі такімі рыдлёўкамі.
Соўсь: Калі праз 19 гадоў вы запісвалі на тэлебачаньні свой зварот як кандыдат на прэзыдэнта, вы заклікалі: «Вярні выбары. Вярні тое, што скраў». Ці тады трэсьліся рукі ў тэхнікаў?
Статкевіч: Не. Яны, наадварот, прыязныя сыгналы і жэсты рабілі.
Соўсь: Вы кажаце, што ўсьведамлялі за савецкім часам сябе беларусам. Працягніце фразу «Незалежнасьць — гэта...»
Статкевіч: Не магу канкураваць з тым эсэ, якое на пачатку 1990-х напісаў вельмі добры, вялікі пісьменьнік Уладзя Арлоў. Незалежнасьць для мяне — гэта найперш магчымасьць для беларусаў самім вызначаць свой лёс, жыць у сваёй хаце, і каб гэта была беларуская хата.
Соўсь: Удзельнікі цыклю пра незалежнасьць па-рознаму адказваюць на пытаньне пра тое, ці была незалежнасьць заваяваная, або яна звалілася на галаву. Міхаіл Чыгір, напрыклад, лічыць, што звалілася зь неба. Зянон Пазьняк перакананы, што гэта вынік змаганьня пакаленьняў беларусаў. Ваш адказ...
Статкевіч: Адказ неадназначны. Беларусы заслужылі незалежнасьць змаганьнем пакаленьняў, але ў той канкрэтны момант гэтаму пакаленьню незалежнасьць упала на галаву. Проста распаўся Савецкі Саюз, ня стала цэнтральнай улады. Я высока ацэньваю ролю дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, але, каб гэтай ролі не было, мы ня сталі б незалежнымі 25 жніўня, а магчыма, сталі бы незалежнымі 28 жніўня, бо іншых варыянтаў проста не было. Ня стала ўлады. Жывіце як хочаце. І я нагадаю, што ў першыя гады незалежнасьці, паводле сацыялягічных апытаньняў, траціна беларусаў была за незалежнасьць, траціна была супраць, а траціне, як заўсёды, усё было па барабану. У 1990-я гады, калі Лукашэнка хацеў здаваць гэтую незалежнасьць, адна з маіх мэтаў, у тым ліку і мэтаў вулічных акцый, была выйграць час, захаваць хаця б такую нацыянальную дзяржаву, таму што дзяржава стварае нацыю. І калі цяпер нават больш за 90% беларусаў хочуць незалежнасьці, то гэта вынік таго, што гэтая стратэгія аказалася ўдалай.
Соўсь: Вы адзін са стваральнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і ініцыятар першай беларускай вайсковай прысягі, якая адбылася 8 верасьня 1992 году. Як вы лічыце, ці стала за гэтыя 25 гадоў незалежнасьці войска ў Беларусі сапраўды беларускім? Ці нашы вайскоўцы гэтак жа змагаліся б, як цяпер украінскія змагаюцца за незалежнасьць ад Расеі, калі б узьнікла крытычная сытуацыя?