Категории
Самые читаемые
PochitayKnigi » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Читать онлайн Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 69
Перейти на страницу:

Гай Дубровiч, змарнелы, сутулы, устаў, пакланiўся з'езду, але выступаць адмовiўся.

- Гэта так дзiка... Навошта iм патрэбен быў Клён, мой сын? - толькi i сказаў Дубровiч.

Карл Гакенхольц рашуча пайшоў да трыбуны, абапёрся аб яе тонкiмi смуглымi рукамi, загаварыў рэзка i раздражнёна, як бы з нейкiм выклiкам:

- Я, панове дэпутаты, бачыў Старую Цывiлiзацыю гэтак жа сама, як бачу зараз усiх вас. Мяне ад яе аддзяляла ўсяго толькi некалькi метраў. Я чуў голас Старой Цывiлiзацыi i не забуду яго да скону сваiх дзён. Гэта немагчыма забыць.

Адчувалася, што стрэсаператар хвалюецца.

- Перада мной праплывалi светлыя шары (менавiта ў такой форме актыўна праяўляецца СЦ), i столькi мудрасцi, столькi глыбокага сэнсу было ў iхнiм руху, у iхнiм рытмiчным вярчэннi. Гармонiя дамiнавала ва ўсiм. А мы, шызафрэнiкi i пячорныя варвары, мы забiваем СЦ.

Гакенхольц кiнуў гэтую апошнюю злую фразу ў залу так нечакана, што дэлегаты, напачатку як бы закалыханыя ягоным выступленнем, ускочылi са сваiх месцаў, абурана зашумелi.

- Што вы сабе дазваляеце?! - пачулася з залы.

- Яна сама атакуе нас.

- Ды ён, пэўна, хворы!

Усмешлiвы канадзец Джон Мур пазмрачнеў, незадаволена паглядзеў на Карла, хацеў нацiснуць кнопку электрычнага званка, але Гакенхольц апярэдзiў яго.

- Права на думку! - закрычаў ён.

Гэтыя ўладныя магiчныя словы адразу ж ацвярэзiлi ўсiх. Дэлегаты селi на свае месцы. Джон Мур адхапiў палец з чорнай кнопкi званка, у Доме Народаў запанавала непарушная цiшыня. Права на думку было адным з галоўных свяшчэнных праў чалавека. Вялiкая Эра Плюралiзму ўрачыста гарантавала яго кожнаму жыхару планеты. Варта было толькi сказаць: "Права на думку" - i зацiхалi грамагалосныя людныя плошчы i аўдыторыi, i абрываўся разгневаны гуд натоўпу. Калiсьцi такой бясспрэчнай загаднай сiлай валодалi словы, накшталт: "iмем караля!" або "iмем рэвалюцыi!".

- Нi ў якiм разе я не хацеў пакрыўдзiць вас, панове дэпутаты, спакойна прадоўжыў Карл Гакенхольц, хоць шчокi палымнелi. - Не хацеў абразiць. Проста я аперырую фактамi, якiя ўсiм вам добра вядомыя. Хто яшчэ стагоддзi назад, бяздушна сочачы за паказаннямi прыбораў, злачынна штампуючы няякасныя рэактары, зрабiў ўсё, каб грымнуў смяротны выбух Чарнобыля? Мы. Хто атруцiў акiяны i рэкi, зямлю i воблакi? Мы. Хто загнаў Старую Цывiлiзацыю ў чорныя падзямеллi, лакалiзаваў яе, прымусiў, як рабыню, жыць там, дзе не селяцца нават павукi? Мы. Так, мы зараз раскайваемся, мы пачынаем гаварыць, што свяшчэннае права на жыццё належыць усяму жывому, зразумелае яно нам цi незразумелае, ёсць выгода нам ад яго цi няма. Але трэба не гаварыць, а дзейнiчаць. Яшчэ два днi назад я быў госцем СЦ, сёння ж тут, у Доме Народаў, я - яе паўнамоцны пасол.

Гул здзiўлення пакацiўся мiж дэлегатамi. Тэлекамеры i кiнакамеры пачалi ўзiрацца ў Карла так, як ўзiраюцца ў маленькага верабейку злавесныя пiтоны.

- Так, я - яе пасол, - горда сказаў чорнавалосы немец.

I адразу ў яго над правым плячом засвяцiўся, з'явiўшыся нiадкуль, маленькi шар. Жанчыны-дэлегаткi i некаторыя з мужчын ахнулi. Джон Мур у разгубленасцi знячэўку ўдарыў пальцам па кнопцы званка, але пачуўся толькi нейкi прыдушаны пiск.

- Старая Цывiлiзацыя, пяць яе кланаў, вырашыла перасялiцца на радзiму сваiх продкаў, планету Вар. I таму яна заключае з чалавецтвам мiр, вечны мiр. А залог гэтага мiру - жыццё падлетка Клёна Дубровiча, якога СЦ ажывiць. Ваш сын будзе жыць! - крыкнуў Карл Гаю Дубровiчу, што сядзеў, апусцiўшы галаву.

- Аб чым гаворыць гэты чалавек? - уздрыгнуўшы, спытаў Гай у суседзяў. Хiба можна сыпаць соль на свежую рану? Што ён гаворыць?

Гай Дубровiч павольна ўзняўся са свайго месца, павольна, як самнамбула, пайшоў па праходзе да трыбуны, спынiўся насупраць Гакенхольца.

- Калi ты сказаў праўду, я гатоў стаць перад табой на каленi, а на каленi я станаўлюся толькi ў двух выпадках: каб напiцца з ручая i каля магiлы сваёй мацi. Калi ж ты схлусiў, - у голасе ў Гая зазвiнела пагроза, ты станеш пад Дрэвам Пакаяння i ўласнай рукою высыпеш сабе на галаву роўна тры кiлаграмы сухога пяску. I людзi будуць глядзець у твае вочы.

Дэлегаты ўсхвалявана зашумелi. Даўнавата ў Доме Народаў не чулi такiх слоў, тым больш абвiнавачванняў у хлуснi. Людзi ВЭП развучылiся хлусiць, бо не было ў гэтым патрэбы. Хiба сабе самому мог схлусiць чалавек, мог падмануць сябе, уявiўшы, што ён вельмi закаханы ў жанчыну або дужа разумны i аўтарытэтны.

Карл Гакенхольц спакойна сустрэў жорсткую абразу, толькi куточкi вуснаў уздрыгнулi. Ён вышаў з-за трыбуны, абняў Гая Дубровiча, прамовiў на поўны голас, каб чулi ўсе:

- Зоркалёт ужо ўзяў курс на планету Вар. У iм ляцяць Вера Хрысцiнюк i Радаслаў Буслейка, якiя будуць удзельнiчаць у ажыўленнi Клёна. Ваш сын будзе жыць, не адыдзе за жоўты пясок.

- Як? - загарэўся Гай Дубровiч. - Як ты сказаў? Не адыдзе за жоўты пясок? Дзякуй табе, чалавек з добрым сэрцам. Нiкому ў свеце не пажадаю я страцiць адзiнага сына. Гэта - нечуваная пакута. Дзякуй табе.

Гiсторык быў надзвычай шчаслiвы, вочы ззялi, па твары бегала мяккая прыгожая ўсмешка. Яму ўспомнiўся далёкi час маленства на Чорным Хутары. Там, у тых непаўторных, пафарбаваных у колер летняга сонца днях, накочвалiся, як хвалi, такiя ашаламляльныя iмгненнi радасцi, што хацелася скакаць i спяваць, хацелася кiнуць шапку вышэй бярозы. Там было адчуванне i прадчуванне вечнай радасцi, якое iшло ад маладых ног i вачэй, ад маладой скуры, ад бялявых доўгiх валасоў, што пад парывамi ветру густа i бязладна стаўбурылiся на галаве, лезлi нават у рот, забiваючы дыханне.

Дэлегаты стоячы апладзiравалi Карлу i Гаю. Некаторыя з жанчын кiдалi iм яркiя трапiчныя кветкi. Старшыня Джон Мур усмiхаўся на ўсю шчаку i быў падобен сваёй ружовашчокасцю i кiрпатасцю на Санта Клаўса. У гэты час да Карла падышоў высакарослы, вельмi загарэлы чалавек з надзiва блакiтнымi вачамi i сказаў:

- Дык на планету Вар паляцеў Радаслаў Буслейка? Я - Гром Стралковiч i працую з ягонай жонкай Шнай. Яна нiчога не ведае пра палёт свайго мужа.

Iмя старшынi Лiгi барацьбы супраць мутантаў было надзвычай папулярнае сярод грамадзян Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Маленькiя дзецi гулялi ў "дзядзьку Грома, якi вельмi трапна страляе". Юныя прыгажунi на сваiх блузках i спаднiцах насiлi ягоныя партрэты. Праўда, "зялёныя" рэзка крытыкавалi Грома i байкатавалi дзе толькi можна, але байкот байкотам, а некаму трэба было адбiваць пастаянныя жорсткiя набегi двухгаловых гiганцкiх воўкасабакаў, што вадзiлiся ў балотах уздоўж сярэдняга цячэння Прыпяцi.

- Прымiце маё глыбокае спачуванне, спадар Дубровiч, - прамовiў Гром, злёгку нахiлiўшы густавалосую галаву. Па левай скронi ў яго прабягаў няроўны чырвоны шрам - след кiпцюроў воўкасабакi.

- Шчыра вам дзякую, - пакланiўся ў адказ Гай. - Шмат добрага чуў i чытаў пра вас, марыў сустрэцца - i вось...

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 69
Перейти на страницу:
Тут вы можете бесплатно читать книгу Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко.
Комментарии