Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Трэба i нам зiрнуць на караля жывёл, нанесцi яму вiзiт ветлiвасцi, сказаў, быццам жартам, Радаслаў Буслейка, але ў голасе чулася разгубленасць.
- Калi тут, на планеце Вар, такiя разумныя жывёлы, то мне тым болыы трэба як мага хутчэй вяртацца на Зямлю, - пачухаў патылiцу Клён.
Вера Хрысцiнюк засмяялася, i яны пайшлi да Аюса Першага.
Незвычайны дзiк стаяў на металiчным беразе Ракi Адноўленых Твараў. Плазмоiды хмарамi кружылiся каля яго. У iхных паводзiнах, рухах не было агрэсiўнасцi або злосцi - адна цiкаўнасць.
Аюс адразу ўбачыў людзей, здзiвiўся, бо сустракаў зямлян, вядома ж, упершыню. Шэрыя вострыя вочы глядзелi насцярожана, але без кроплi страху. "Я - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, - сказалi вочы. - Хто вы?"
- Мы прыляцелi з планеты Зямля, - спынiўся насупраць дзiка Радаслаў Буслейка. - Твае продкi, кароль Аюс, таксама прыляцелi некалi на Вар з нашай планеты.
"Я ведаю Iша гэта", - з годнасцю адказалi вочы.
- Ён размаўляе не голасам, а вачамi, - здзiўлена шапнуў Веры Клён Дубровiч. - Ён усё-ўсё разумее, што яму гавораць, а размаўляе вачамi.
"Хто ў вас галоўны? - казаў мiж тым Аюс. - Ты, светлавалосы i высакарослы? Слухай. Мы не хочам, каб наша балота, наш луг i наш зялёны пясок залiвалi бетонам агiдныя Жалезныя Людзi. Пасля бетону не застаецца нi гнёздаў, нi нораў, нi лежбiшчаў. Нават нашых слядоў не застаецца. Скажы, светлавалосы i высакарослы, як нам жыць? Хiба на тваёй далёкай планеце не водзяцца болей звяры, птушкi i рыбы?"
- Водзяцца, - глухiм голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. Ён усё не мог прызвычаiцца да таго, што размаўляе, як з чалавекам, з дзiком.
"Мы не плазмоiды, - працягваў кароль жывёл планеты Вар. - У нашых жылах цячэ чырвоная кроў, падобная на вашу. Гэтая лясная кроў нiколi не скорыцца бетону. Дапамажы нам, светлавалосы i высакарослы. Дапамажы i ты, прыгожая жанчына. I ты, хутканогi i вастравокi юнак".
- Мы згодныя, але як? - разгублена ўсмiхнулася Вера Хрысцiнюк.
- Мы дапаможам! - усклiкнуў Клён.
"Трэба захапiць Нябесны Зуб i зрабiць усё, каб з яго нiколi не выходзiлi Жалезныя Людзi".
- Нябесным Зубам ты называеш патухлы вулкан? - спытаў Радаслаў Буслейка.
"Так".
Зялёнае неба ззяла над Ракой Адноўленых Твараў. Плазмоiды святкавалi, шумна i весела, Дзень Забiтага Брата. Усё новыя i новыя шары, да якiх вярнулася жыццё, узвiвалiся ўгору, упляталiся ў карагод, што вадзiлi iхнiя суродзiчы. З тулуравага лесу даносiлiся гартанныя галасы крангаў. Планета Вар iмклiва i бясшумна плыла ў чорнай касмiчнай безданi. Далёка-далёка адсюль, як дробненькае макавае зярнятка, блiшчала Зямля. Трое зямлян, стоячы на зялёным пяску чужой планеты, шэптам, каб не падслухала чыё-небудзь вуха, клялiся дапамагчы каралю жывёл Аюсу Першаму.
КАЛI ГРУКОЧУЦЬ ВУЛКАНЫ
X
На планеце Вар Радаславу, Веры i Клёну заставалася яшчэ прабыць трохi менш двух сутак. Калi памятаць, што суткi на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзiн, дык у iхнiм распараджэннi быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавiцца ад пастаяннай апекi плазмоiдаў. Плазмоiды (маюцца на ўвазе пяць мiрных кланаў) паказвалi сябе гасцiннымi, клапатлiвымi гаспадарамi. Толькi гасцiннасць гасцiннасцю, але калi проста ў цябе перад носам цэлы дзень, нi на хвiлiну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць i ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамi зялёны буйназярнiсты пясок.
- Мы хочам паспавядацца свайму Богу, - сказаў Радаслаў гiду, Талеркiю Сiняму 83. - На Вары няма нашых храмаў, i таму мы пойдзем, пойдзем толькi трое, бо пры споведзi нельга прысутнiчаць чужым вачам i вушам, на высокае чыстае месца, дзе i пагутарым са сваiм Богам. Там нас можа пачуць адзiн вецер, але ён вольны, нiкому не служыць, нiкому нiчога не расказвае.
- Што такое Бог? - спытаў плазмоiд.
- Гэта тое, чаму ты верыш, - адказала Вера Хрысцiнюк.
Плазмоiд памаўчаў, потым сказаў:
- Значыць, гэта - плазма, наша несмяротная плазма, наша прамацi ўсiх плазмоiдаў. Зямляне пераглянулiся.
- Мы пойдзем, - сказаў Радаслаў, - i вернемся, калi Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.
Плазмоiд быццам бы не пярэчыў - адпусцiў. Але крокаў праз трыста Вера, азiрнуўшыся, прамовiла шэптам:
- Здаецца, за намi ўвязаўся, як раней казалi, "хвост". Паглядзiце ўважлiвей вунь на той узгорачак, што зарос сiняй травой. Бачыце? Там нiбы сонечны зайчык бегае.
- Гэта плазмоiд, а дакладней, маленькi плазмоiдзiк, - упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка. - Ён або малалетак, або карлiк. Што ж зрабiць, каб ён адчапiўся ад нас?
- Давайце iсцi, як iшлi, - прапанаваў Клён. - I ўвесь час азiрацца. Плазмоiд зразумее, што мы яго заўважылi i...
- I што? - iранiчна спытаў Радаслаў.
- Яму зробiцца сорамна i...
- I што?
- Што вы "штокаеце"? Ён пакiнё нас у спакоi.
- Значыць, ты лiчыш, што плазмоiдам, як i нам, людзям, уласцiвы такiя пачуццi, такiя эмоцыi, як сорам, страх, няўпэўненасць, адчуванне вiны?
- А чаму б i не? Iнтэлект у iх вельмi высокi. А дзе iнтэлект, вялiкi розум, там i адпаведная псiхiка. Высокаiнтэлектуальны мозг не можа належаць падонку.
- Ты генiй, Клёнiк! - захоплена ўсклiкнула Вера.
Радаслаў Буслейка паглядзеў на падлетка са здзiўленнем i павагай, падумаў: "У чалавецтва яшчэ не ўсё страчана, калi нараджаюцца такiя акселераты".
Маленькi плазмоiд, i праўда, памiгцеў-памiгцеў з травы, з-за ствалоў тулураў i знiк, як яго не было. Затое кiламетры праз два на камянiстым пустынным плато зямлян сустрэў Аюс Першы, а разам з iм былi конь, бык i смаляна-чорны певень, якi горда сядзеў у быка на спiне.
"Мае сябры, - сказаў Аюс, - Конь Iг, бык Яр, певень Кук. Я навучыў iх разумець iсцiну".
Кароль жывёл, як i ўсе каралi, не вызначаўся асаблiвай сцiпласцю.
"Iга я знайшоў у цырку, - працягваў Аюс. - На паўночным схiле Нябеснага Зуба ёсць арэна, якую зрабiлi Жалезныя Людзi. Там Iг танцаваў на заднiх нагах, а на шыi ў яго быў павязаны ружовы вялiзны бант. Уявiце толькi: конь - i танцуе. Замест таго каб цягнуць плуг, вазiць фурманку, iмчаць у атаку з адважным рыцарам на спiне. Бык Яр удзельнiчаў у карыдзе. Яго калолi шпагамi, а ён кiдаўся, як шалёны дурань, на чырвоную анучу. Я навучыў Яра ўдарыць рогам не ў гэту анучу, а ў жывот тарэадору. Чулi б вы, як заенчыў тарэадор!"
- Тарэадорам быў зямлянiн? - спытаў Клён.
"Жалезны Чалавек. Але Яр, пасля таго як я яго навучыў, ударыў бы i чалавека. Усё жывое павiнна быць роўным мiж сабой. Цi не так, людзi?"
Кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы пiльна глядзеў на Радаслава, Веру i Клёна, чакаў адказу.
- У прынцыпе я згодзен з табой, кароль Аюс, - прамовiў нарэшце Радаслаў Буслейка. - Але ўсё далёка не так проста, як ты мяркуеш. Калi б ты i твае падданыя цi сябры (не ведаю, як i назваць) умелi чытаць, я раiў бы вам пазнаёмiцца з кнiжкай Джорджа Оруэла, ангельца, "Жывёльны двор". Там кабан Напалеон падбухторыў свойскiх жывёл узняць паўстанне супроць свайго гаспадара-фермера.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});