Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Л Дайнеко
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Ты праглынуў iнтэлектыт i зрабiўся мудрым, - нецярплiва сказаў Клён. - Але як вызвалiць маiх сяброў?
"Я й сам не ведаю", - раптам прызнаўся Аюс Першы.
Пачуўшы гэтыя словы, Клён колькi iмгненняў разгублена глядзеў на караля жывёл планеты Вар. Усяго ён чакаў, ды толькi не такога. Паспеўшы ўжо трохi вывучыць Аюса, ён быў упэўнены, што той пачне хвалiцца, важнiчаць, часцей чым трэба называць сябе каралём, а iншых жывёл сваiмi падданымi, але ў рэшце рэшт падкажа, улiчыўшы ўсе мясцовыя асаблiвасцi, як дапамагчы Радаславу з Верай. Ён не сумняваўся менавiта ў такiм павароце справы, аж атрымалася неспадзяванка. Адразу ж у душы пачала закiпаць злосць. Клён пагардлiва прыжмурыў вочы, сказаў з'едлiва i з расцяжкаю:
- Калi худ, не лезь на кут.
"Не разумею цябе, хутканогi i вастравокi", - пiльна пазiраючы на яго, прамовiў Аюс.
- I не трэба разумець. Ты, прабач, усё-ткi нечалавек i нават не Пяцiног, а дзiк, дзiк з планеты Вар. А сказаў я табе старадаўнюю беларускую прымаўку. Прымаўкi ж не прынята тлумачыць. "Растлумач", - запатрабаваў Аюс.
- Добра, слухай. На кут, ганаровае месца за сталом, саджалi самых шаноўных людзей. Самых разумных, самых аўтарытэтных, самых добрых. Калi ж чалавек быў "худ", быў, як кажуць, шчуплы i розумам, i плячамi, яго не саджалi на кут. Усёк?
"Што такое "ўсёк"?" - строга спытаў кароль жывёл.
- Дык ты i гэтага не ведаеш? - пакпiў Клён.
Такая, здавалася б, нявiнная рэплiка дорага каштавала яму. Аюс пагрозлiва чмыхнуў, крутнуў вострым цвёрдым лычом.
"Я загадаю сваiм падданым - Iгу i Яру - завесцi цябе да вурдака, сказаў Аюс. - Ты зямлянiн, чалавек, хоць маленькi ростам i гадамi. А мы ведаем, што ў вас на Зямлi ўсе жывёлы знаходзяцца ў цяжкiм рабстве ў людзей. Вы адзелi на iх хамут, вы дрэсiруеце iх агнём i бiзуном, вы забiваеце iх".
- У нас ёсць саюзы "зялёных", - паспрабаваў пярэчыць Клён.
"Маўчы, - загадаў Аюс. - Маўчы i слухай. Калi б я трапiў на Зямлю, я адразу б пайшоў у Iндыю. У гэтай цудоўнай краiне аб'яўлена свяшчэнным кожнае жыццё, жыццё чалавека i жыццё самай дзiкай малпы, ужо не кажучы пра карову альбо каня. Там ёсць людзi, якiя падмятаюць перад сабой зямлю, каб выпадкова не наступiць на якую-небудзь кузурку. Iхнiя багi сябруюць з жывёламi: Брахма - з лебедзем, Шыва - з быком, Вiшну - з арлом Гарудай. Я хацеў бы стаць каралём жывёл у Iндыi".
Аюс змоўк, сярдзiта глядзеў на Клёна Дубровiча. Клён пры ўсёй сваёй акселерацкай нахабнаватай смеласцi зразумеў, што дужа ўгнявiў дзiка i што самае лепшае ў такой сiтуацыi - абачлiва трымаць язык за зубамi. Надаючы твару нявiнна-лагодны выраз, ён падумаў: "На Зямлi ёсць не толькi Iндыя. На Зямлi жыве Гром Стралковiч".
"Я магу загадаць, i ты паклонiшся не толькi мне, але i ўсiм маiм падданым, - загаварыў далей Аюс Першы. - Гэтым самым ты хоць неяк акупiш велiзарную вiну людзей перад жывёламi. Ды зараз i ты, i твае сябры зямляне ў бядзе. Я сам запрасiў усiх вас на барацьбу супроць агiднага Пяцiнога, i я пастараюся разам са сваiмi падданымi дапамагчы вам. Толькi ты павiнен шанаваць мяне, як шанаваў бы самага найгалоўнага зямнога караля".
Мяркуючы па ўсяму, з гэтага дзiка, калi б ён быў чалавекам i жыў у ранейшыя часы, атрымаўся б неблагi манарх, якi-небудзь Людовiк-Сонца. Яшчэ б з паўгадзiны назад Клён, што ў душы лiчыў сябе заядлым рэспублiканцам, пачаў бы горача выкрываць рэакцыйную сутнасць манархiзму, але зараз ён згодна кiўнуў галавой. У смяротнай бядзе былi сябры, i не час прыглядацца, сядзiць або не залатая карона мiж насцярожаных дзiковых вушэй.
Аюс зычна рохнуў, i на гэты сiгнал выйшлi з трыснягоў конь, бык i певень, прычым певень, як заўсёды, сядзеў у быка на спiне.
"Нашы саюзнiкi з Зямлi трапiлi ў палон да Пяцiнога i знаходзяцца ў Нябесным Зубе, - урачыста сказаў кароль жывёл. - Яны хацелi дапамагчы нам, але атрымалася так, што iм спатрэбiлася наша дапамога. Слухайце мяне, мае падданыя. Я - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, аб'яўляю вайну Пяцiногу. Вы, пэўна, не ведаеце, хто такi Пяцiног? З гэтага часу так будзе называцца Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. А зараз пойдзем да Трох Камянёў, i да нас прыляцiць Страб".
Моўчкi рушылi па балоце. Срэбнымi пырскамi скакала з-пад ног вада. Клён бачыў у небе над сабой нейкiя сухiя карычневыя воблакi. Яны не неслi ў сабе дажджу, яны былi з пылу або з дыму. Святло, што лiлося з нябёсаў, таксама было пыльнае, нярэзкае. Ва ўсiм адчувалася блiзкасць вулкана, якi хоць i патух, прыцiх, але ў сваёй патаемнай недаступнай воку глыбiнi назапашваў пакрысе каласальную разбуральную энергiю. Праз тысячагоддзi ён зноў загрымiць, залямантуе пад гэтым зялёным небам. Праўда, тады ўжо не будзе нi Клёна, нi караля Аюса...
На травянiстай макраватай лугавiне ляжалi тры велiзарныя пасечаныя трэшчынамi камянi. Спынiлiся каля iх. Аюс узняў галаву, пачаў узiрацца ў неба. Яр, Iг i Кук неадрыўна глядзелi туды ж. Раптам у самым зенiце з'явiлася чорная кропачка. Спачатку яна была малапрыкметная, марудлiвая, здавалася, мурашка паўзе па зялёным шкле. Але праз некалькi хвiлiн пачуўся ярасны шум крылляў, што iмклiва разразалi, разрывалi, разломвалi паветра, i магутная чарнапёрая птушка лiтаральна ўпала з неба на адзiн з камянёў. Звонка шчоўкнулi доўгiя гнутыя кiпцюры. Агромнiстыя птушыныя крылы рэзка напялiся, як ветразь або як тармазны парашут. Птушка пахiснулася, але ўтрымалася на месцы, толькi яе кiпцюры, падалося Клёну, выбiлi з каменя iскрыну. Вось крылы абмяклi, знерухомелi, i птушка ва ўпор глянула на Аюса, нiбы дзеўбанула вострым смелым позiркам.
"Добра, што прыляцеў, Страб, - нахiлiў лыч да самай травы Аюс. - Мы цябе чакалi з вялiкiм нецярпеннем. Я аб'явiў вайну Пяцiногу - такое зараз iмя Ўльтрамозга, Кладара Таямнiцы".
Чорнае варанёнае пер'е дзiвоснай птушкi пахла халодным верхавым ветрам, цьмяна блiшчэла, i Клён падумаў раптам, што гэта блiшчыць метэарытны пыл, якi асеў на крылле там, у галавакружных нябёсах.
"З намi прыйшоў чалавек з планеты Зямля, - казаў далей Аюс. - Тады, калi на месцы Нябеснага Зуба была ўсяго кучачка пяску, мае прашчуры таксама жылi на ягонай планеце. Пяцiног разам з Жалезнымi Людзьмi захапiў у палон зямлян. Мы павiнны вызвалiць iх".
Страб зiрнуў на вулкан, потым на Клёна.
"Узнiмайся над Нябесным Зубам, Страб, глянь, што робiцца ў кратэры. Глянь, чым займаецца Пяцiног, куды збiраюцца iсцi Жалезныя Людзi".
Аюс падышоў да вялiзнай птушкi, што горда сядзела на вялiзным каменi, i вушы ягоныя былi на ўзроўнi птушыных кiпцюроў. Страб узняў, узвiхурыў крыло, пагладзiў дзiка крылом. Потым рэзка адкiнуў назад сваю прыгожую галаву, закрычаў-заспяваў чыстым высокiм голасам. Нiколi не чуў Клён такой птушынай песнi. Галасы зямных птушак у параўнаннi з гэтым незвычайным голасам былi салодкiм абрыдлым кiсялём, якому нiколi не зраўняцца са старадаўнiм высакародным вiном самага далiкатнага гатунку. Страб шырока ўзмахнуў крыламi, рэзка адштурхнуўся ад каменя моцнымi кiпцюрыстымi лапамi, паляцеў i неўзабаве завiс над вулканам.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});